А на сняданак – «крок-мадам» і «крок-месье». Ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў Ляхавіцкі тыдзень школьнага харчавання
З 21 па 26 кастрычніка з мэтай фарміравання культуры харчавання
ў навучэнцаў і павышэння матывацыі да здаровага ладу жыцця ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў Ляхавіцкі тыдзень школьнага харчавання.
Штодзень хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі разнастайныя мерапрыемствы, сярод якіх гульнёвая праграма «Рукзачок здароўя», выстава творчых работ «Правільнае харчаванне – залог здароўя», флэшмобы «Здаровы я – здаровая сям’я» і «Харчаванне і мы», акцыя чыстых рук «Майдадыр» і многае іншае.
– Плануючы Ляхавіцкі тыдзень школьнага харчавання, мы хацелі на практыцы паказаць навучэнцам, як важна выпрацаваць звычку правільна харчавацца. Здаровае харчаванне – гэта залог і паспяховай вучобы. Таму кожныя сустрэча, марафон, круглы стол, праведзеныя ў школах, мелі практычную накіраванасць. Прадугледзелі і дзень праф-
арыентацыйнай работы «Прафесія «повар» – гэта прэстыжна». А акцыю-конкурс «Чыстая талерка» правялі дзеля таго, каб школьнікі з’ядалі ўвесь абед. Каб высветліць пажаданні і погляды навучэнцаў наконт якасці школьнага харчавання, правялі анкетаванне. Акрамя таго, з пачатку новага навучальнага года ў школьным раскладзе з’явіліся факультатыўныя заняткі «Па прыступках здаровага харчавання» і «Размова пра культуру харчавання», – адзначае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко.
Дарэчы, з 1 верасня на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання навучэнцаў перайшлі яшчэ 7 школ раёна. І сёння ўсе навучальныя ўстановы Ляхавіччыны прапануюць новае меню. Галоўная задача – забяспечыць якаснае і збалансаванае харчаванне школьнікаў з улікам іх смакавых пераваг. Дзеля гэтага была зроблена так званая перазагрузка харчаблокаў, якія цяпер аснашчаны новым тэхналагічным абсталяваннем. У пераліку абновак і халадзільнае абсталяванне, кухонны інвентар, міксеры, агароднінарэзкі і г. д.
Там, дзе патрабавалася, заменены электрапліты. У меню ўведзена 82 працэнты новых страў. Так, на восеньска-зімовы перыяд распрацавана чатыры варыянты меню. Навучэнцы ацанілі салаты «Гарошак» і «Кураня», грэнкі «Лакамка», біфштэкс «Выдатнік», бутэрброды «крок-мадам» і «крок-месье», блінцы «Шакаладны вулкан», мясныя гнёзды, суп з капусты «Дамашні» і многае іншае.
У Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча школьнікам прапануюць кактэйлі малочныя «Шакаладная асалода» і «Малібу».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.