Аб’ектам патрабуецца рэгістрацыя. Якую работу праводзяць суб’екты гаспадарання па дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ектаў нерухомасці, што знаходзіцца ва ўласнасці Ляхавіцкага раёна
Якую работу сёлета праводзяць суб’екты гаспадарання па дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ектаў нерухомасці, што знаходзіцца ва ўласнасці Ляхавіцкага раёна, праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння – тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.
Галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Валуй паведаміла, што ў пералік незарэгістраваных аб’ектаў нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, уключаны 104 аб’екты, з якіх 85 знаходзяцца ў карыстанні КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», 14 – КУП «Ляхавіцкі аграхімсэрвіс», 5 – аддзела па адукацыі. Сёлета неабходна зарэгістраваць 58 аб’ектаў, найбольш – 53 – камунгасаўскіх. Святлана Валуй падкрэсліла, што з 85 аб’ектаў Ляхавіц-кай ЖКГ 69 павінны былі атрымаць рэгістрацыю яшчэ ў 2020–2022 гадах. Акрамя таго, па стане на пачатак кастрычніка, камунгас увогуле не ўзяў на рэгістрацыю ніводнага аб’екта. І толькі днямі адзін аб’ект, у рэшце рэшт, зарэгістраваны. Камунгас падаў заяўкі ў адносінах да 44 аб’ектаў у праектны інстытут «Брэстгіпразем» для выдзялення зямельных участкаў. Аднак па прычыне неправядзення авансавых плацяжоў згодна з дагаворамі па пяці аб’ектах дагаворы скасаваны. Увогуле,
па словах дырэктара Ляхавіцкага камунгаса Андрэя Чайкоўскага, план па дзяржаўнай рэгістрацыі не выконваецца ў сувязі з адсутнасцю ў прадпрыемства грашовых сродкаў.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз запатрабаваў ад кіраўніцтва камунгаса неадкладнага эфектыўнага ўзмацнення работы ў азначаным напрамку, тым больш што фінансаванне ў камунгас на гэтыя мэты паступае.
А выніку, на жаль, пакуль так і няма.
Па інфармацыі аддзела па адукацыі райвыканкама, усе аб’екты будуць зарэгістраваны да канца бягучага года. Што тычыцца аграхімсэрвіса, то па трох аб’ектах, якім неабходна дзяржаўная рэгістрацыя, работы так і не вядуцца.
Святлана Валуй падкрэсліла, па выніках года чакаецца выкананне рэгістрацыі па 16 аб’ектах, а гэта 27,5 працэнта да плана 2024 года.
Як адзначыў старшыня райвыканкама, пытанне дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ектаў і нерухомасці ўзаемазвязана з тэмай, якая разглядалася на мінулай апаратнай нарадзе, – знос пустуючых жылых дамоў і будынкаў, якія не эксплуатуюцца. У абодвух выпадках у будынкаў павінен быць гаспадар, які нясе адказнасць за стан і парадак на ўказаных аб’ектах, у тым ліку – за забеспячэнне бяспекі. Зараз ідуць школьныя канікулы, і дзеці больш часу могуць заставацца без нагляду дарослых. Таму, як рэзюмаваў кіраўнік раёна, неабходна там, дзе гэта яшчэ не зроблена, прыняць усе меры, каб не дапусціць бяды.
Галіна КАНЬКО.