Вучэбная трывога. 25 кастрычніка ў Ляхавіцкім раёне прайшлі камандна-штабныя вучэнні, у якіх прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна і мясцовыя арганізацыі

Па легендзе вучэнняў, абрушыўся шматкватэрны жылы дом. Адпаведнае паведамленне паступіла ў цэнтр аператыўнага кіравання РАНС. На месца здарэння выехалі аператыўная група ў складзе чатырох выратавальных машын, супрацоўнікі РАУС і аварыйныя службы.
– На месцы было ўстаноўлена, што два пад’езды абрушаны, а адзін уцалеў. Пад заваламі знаходзяцца людзі, ёсць пацярпелыя. Сітуацыя патрабавала правядзення мерапрыемстваў па часовым адсяленні насельніцтва з жылой забудовы, а таксама правядзення аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ. У іх былі задзейнічаны тэхніка і работнікі РАНС, ПМК-13, ПМС, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», раёна электрасетак і раёна газазабеспячэння, хуткай медыцынскай дапамогі і іншыя. У аварыйна-выратавальных работах прынялі ўдзел таксама выратавальная група ААТ «Шлях новы» і санітарная дружына
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», – расказаў падрабязнасці вучэнняў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
З пастаўленай задачай удзельнікі камандна-штабных вучэнняў справіліся, кожная са службаў прадэманстравала высокі ўзровень падрыхтоўкі. Усе «пацярпелыя» знойдзены і дэблакіраваны. У выпадку неабходнасці «пацярпелым» аказвалася медыцынская
і псіхалагічная дапамога.
Камандна-штабныя вучэнні праведзены з мэтай ацэнкі ўзроўню ўзаемадзеяння падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з аварыйнымі службамі
раёна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.