Падтрымка для вялікай сям’і. У Ляхавіцкім раёне, па даных тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, сямейны капітал назначаны 485 мнагадзетным сем’ям
Праграма сямейнага капіталу стартавала ў краіне з 1 студзеня 2015 года. Тады ўпершыню сем’і пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей змаглі атрымліваць на спецыяльныя дэпазітныя рахункі немалую суму, эквівалентную 10 тысячам долараў ЗША.
У Ляхавіцкім раёне, па даных тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, сямейны капітал назначаны 485 мнагадзетным сем’ям. Першапачаткова скарыстацца грашыма дапускалася толькі пасля таго, як дзіця дасягнула 18-гадовага ўзросту. Але чатыры гады назад з’явілася магчымасць скарыстацца сямейным капіталам датэрмінова. На Ляхавіччыне з 2020 года па 30 верасня 2024 года атрымалі дазвол на датэрміновае выкарыстанне
сямейнага капіталу 280 мнага-дзетных сем’яў, з якіх 240 пажадалі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, 24 накіравалі дзяржаўную дапамогу на атрыманне адным з дзяцей вышэйшай адукацыі на платнай аснове, а 16 сем’яў – на стаматалагічныя паслугі.
Па словах спецыяліста па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Наталлі Юрлевіч, попыт на паляпшэнне жыллёвых умоў за кошт сямейнага капіталу захоўваецца і сёння. Сёлета з пачатку года 18 сем’яў накіравалі сродкі сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў. З пачатку бягучага года на Ляхавіччыне сямейны капітал назначаны
15 сем’ям.
У 2021 годзе мнагадзетная сям’я ляхавічан Аляксандра і Юліі Андрусевічаў вырашылі скарыстацца сродкамі сямейнага капіталу для атрымання старэйшай дачкой Ірынай вышэйшай адукацыі.
– Пра дзяржаўную ўвагу да мнагадзетных сем’яў ведаем не па словах. Дапамога была вельмі дарэчы, – дзеліцца мама сямі дзяцей Юлія Андрусевіч. – Сёння Іра – чацвёртакурсніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і атрымлівае прафесію на факультэце лінгвістычнага забеспячэння міжкультурнай камунікацыі. За выдатную вучобу і спартыўныя дасягненні наша дзяўчынка занесена на Ганаровую дошку ўніверсітэта і з’яўляецца старшынёй спартыўнага студэнцкага клуба. А па выніках мінулага навучальнага года мы атрымалі падзяку рэктара за добрае выхаванне дачкі – гэта надзвычай прыемна. Скарыстаўшыся сродкамі сямейнага капіталу, мы задалі сваёй дачцэ выдатны прафесійны старт!