На марафоне парадку варта паскорыцца. На Ляхавіччыне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні
На Ляхавіччыне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні. Наколькі актыўна да навядзення чысціні далучыліся адказныя службы, прадпрыемствы і арганізацыі, высвятляў рэйд па гарадскіх тэрыторыях.
– Важна не толькі выйсці на замацаваны ўчастак і правесці прыбіранне. Трэба зрабіць гэта якасна, а не дзеля птушачкі. На жаль, такі падыход мае месца. Так, камунальнікі ўносяць істотны ўклад у навядзенне чысціні і парадку. Але ж ёсць і недапрацоўкі. Зараз самы лістапад. Землякі зграбаюць апалае лісце ў кучы, якія неабходна адразу прыбіраць, каб вецер не разнёс лісце. Аднак часцяком камунгас не спяшаецца рабіць гэта, – адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Менавіта такую карціну давялося ўбачыць у гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Работнікі Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў плённа папрацавалі на замацаванай тэрыторыі – прыбіралі лісце, але камунальнікі вывезці яго не паспелі, і лісты зноў рассыпаліся па парку… Шкада працы землякоў. Разам з тым Марына Завадская адзначыла, што тэрыторыя парку значная, таму ў дапамогу школе мастацтваў і ГДК дабавяць іншыя арганізацыі.
На гэты раз маніторынг закрануў гарадскія вуліцы Дзесюкевіча, Пушкіна, Камсамольскую, Арлоўскага, Працоўную, Вакзальную і іншыя, а таксама прылеглыя завулкі. На тэрыторыі Ляхавіцкай райбальніцы чысціня. Якасна папрацавалі калектывы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадпрыемстваў «ТМТ», «Рамтранстрак», меліярацыйных сістэм, кансервавага завода (складскія памяшканні), чыгуначнага вакзала, лясгаса.
Пакладзены пачатак па навядзенні прыгажосці на тэрыторыях райветстанцыі, кааппрама і кааптранса, ПМК-13, «Ібіры», дзіцячага сада № 1 і СШ № 1 і іншых.
Напрыклад, ёсць пытанні да СУП «Белазем’е», за якім замацаваны парк па завулку Вакзальным у Ляхавічах. Там і лісце ніхто не зграбае, а яшчэ і пустыя пластыкавыя бутэлькі і смецце, што «павырастала» на кустах, ніхто не прыбірае. Наогул, у пераліку тых, хто яшчэ не прыступіў да прыбірання лісця – нямала арганізацый.
Маніторынг не абышоў увагай і былы шматфункцыянальны гандлёва-жыллёвы комплекс па вуліцы Вакзальнай. Што ўбачылі члены рэйдавай групы? У першую чаргу, разнаполюсны падыход да парадку. Колішні гандлёвы комплекс цяпер падзелены на дзве часткі, адна засталася на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ, другая – уласнасць ТАА «БелПоліСтоўн». Камунгасаўская частка зарасла пустазеллем, прыватнік упарадкуе тэрыторыю.
Яшчэ адзін «помнік зараснікам» (фота № 1) знаходзіцца праз некалькі метраў, прычым на самай яго высокай кропцы нехта нават «заснаваў» шалаш, а побач і крыніца небяспекі – развалены калодзеж (фота № 2). Усё гэта гарадскія землі агульнага карыстання, і адказны за парадак тут камунгас. Дарэчы, зноў пра КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». На гэтым тыдні камунальнікі актыўна наводзілі парадак па чатырох адрасах. На плошчах Леніна, Перамогі і вуліцы 17 Верасня на клумбах высаджвалі цюльпаны. Уладкоўваўся асфальт на ўчастку напачатку вуліцы Камсамольскай, а таксама на ўчастку вуліцы Дзесюкевіча недалёка ад СШ № 1, дзе нядаўна быў парыў інжынерных сетак. Акрамя таго, камунальнікі скошвалі траву на гарадской тэрыторыі. Яшчэ адзін плюс у залік Ляхавіцкай ЖКГ: напярэдадні памінальных дзён парадак наведзены на кантэйнерных пляцоўках для збору другасных матэрыяльных адходаў на гарадскіх праваслаўных і каталіцкіх могілках.
– За некаторымі арганізацыямі замацаваны тэрыторыі вуліц, плошчаў райцэнтра. Гэтым самым кожны ўносіць пасільны ўклад у справу дзяржаўнай важнасці, уласнай працай прымнажае прыгажосць і ўтульнасць таго месца, дзе жыве, працуе, вучыцца. Не варта дзяліць тэрыторыю на сваю ці чужую. Ляхавіччына – наш агульны дом, і наводзіць, і падтрымліваць у ім парадак трэба таксама
разам, – гаворыць начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская.
Месячнік добраўпарадкавання прадаўжаецца. Паўдзельнічаць павінны ўсе.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара