Махляры актывізаваліся. Не вядзіцеся на перакананні тэлефонных махляроў. У кастрычніку ў Ляхавіцкім РАСК зафіксаваны рост узбуджаных крымінальных спраў па фактах махлярства і крадзяжоў маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі
У кастрычніку ў РАСК зафіксаваны рост узбуджаных крымінальных спраў па фактах махлярства і крадзяжоў маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
9 кастрычніка райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса па факце крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Жыхарка раёна 1967 г. н. пасля размовы ў месанджары з невядомай асобай устанавіла на свой тэлефон праграму, з дапамогай якой махляры атрымалі
доступ да яе банкаўскіх рэквізітаў. У выніку з карт-рахунка вяскоўкі спісана больш за 8 000 рублёў.
16 кастрычніка РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце замаху на махлярства. Ляхавічанка 2004 г. н. атрымала галасавое паведамленне ў месанджары тэлеграм ад сваёй знаёмай, якая прасіла пазычыць ёй 200 рублёў. Зямлячка не разгубілася і патэлефанавала знаёмай, каб высветліць сітуацыю. Аказалася, што ў той узламалі акаўнт, і ад яе імя і падобным голасам рассылаюць паведамленні. У гэтым выпадку ніхто не пацярпеў, бо кантакты адразу правяралі сапраўднасць просьбы.
Праз два дні ў РАСК звярнулася ляхавічанка 1989 г. н., ад імя якой кантактам рассылалі галасавыя паведамленні ў тэлефоне. Толькі сума, якую прасілі, складала 500 рублёў. І тут людзі праявілі пільнасць і не павяліся на правакацыі махляроў.
Не стала ахвярай тэлефонных зламыснікаў яшчэ адна жыхарка Ляхавіччыны. Ёй патэлефанавалі ў вайберы і паведамілі, што на яе імя невядомая асоба афармляе крэдыт. Каб папярэдзіць «крадзеж», жанчыне прапанавалі самой прыбыць у банк і ўзяць крэдыт на суму не менш за 10 000 рублёў. Яна ж на прапанову «добразычліўца» не адрэагавала.
У ляхавічанкі 1967 г. н. махляры, якія прадставіліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў, пад маркай дэкларавання грошай спрабавалі прымусіць яе ўзяць крэдыт на суму 4 500 долараў ЗША. Гараджанка спыніла размову і патэлефанавала ў міліцыю. Па гэтых фактах ўзбуджаны крымінальныя справы па частцы 3 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства ў буйным памеры).
21 кастрычніка РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. У ролі пацярпелай – ляхавічанка 1975 г. н., якая вырашыла прадаць на «Куфары» свае рэчы. Пакупнік прапанаваў перавесці грошы ёй на картку, і гараджанка паведаміла даныя сваёй банкаўскай карты. У выніку ў яе спісана больш за 280 рублёў.
На перакананні тэлефонных аферыстаў «задэклараваць» грошы, каб іх
не ўкралі, павёўся ляхавічанін 1945 г. н. Трэба адзначыць, што «добрыя дзядзькі» тэлефанавалі нашаму земляку не раз і прадстаўляліся то супрацоўнікамі КДБ, то міліцыянерамі. Вынік усіх размоў – мінус 10 000 рублёў. 23 кастрычніка райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па частцы 3 артыкула 209 – махлярства ў буйным памеры.
Праз два дні ахвярай кіберзлачынцаў стала ляхавічанка 1958 г. н., якая вырашыла палепшыць сваё матэрыяльнае становішча гульнямі на гандлёвай біржы. Яе страты склалі больш за 7 800 рублёў.
Каб не папоўніць рады падманутых, трэба цвёрда запомніць, што праваахоўныя службы не тэлефануюць у месанджарах і не просяць «задэклараваць» грошы. Не трэба ўстанаўліваць незнаёмыя праграмы на мабільны тэлефон (некаторыя праграмы дапамагаюць зламыснікам выкрасці лагін і пароль).
Не варта весціся і на прапанову незнаёмцаў дзеля абароны інтарэсаў паўдзельнічаць у «спецаперацыі».
Як правіла, гэта падман.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
начальнік РАСК.