Ад збору подпісаў да агітацыі. Напачатку тыдня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь працаваў у сваёй выбарчай акрузе

Напачатку гэтага тыдня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч працаваў у сваёй выбарчай акрузе.

У панядзелак Георгій Хлябовіч сустрэўся з працоўным калектывам Ляхавіцкага райпо. На парадку дня – актуальныя грамадска-палітычныя пытанні. Георгій Хлябовіч асобна спыніўся на асноўных этапах кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і падкрэсліў, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі –
адна з галоўных тэм на бліжэйшыя тры месяцы, уваходзіць у актыўную стадыю. У прыватнасці, размова ішла пра стварэнне і работу выбарчых камісій. Яшчэ адзін важны аспект – работа ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Дэпутат Парламента нагадаў, што Цэнтрвыбаркам 1 лістапада завяршыў прыём дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Ініцыятыўным групам неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Георгій Хлябовіч нагадаў, што збор подпісаў пачнецца 7 лістапада і завершыцца гэты этап 6 снежня. Тэрытарыяльныя камісіі правераць
сапраўднасць подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Ужо 31 снежня будуць вядомыя ўсе прозвішчы ўдзельнікаў прэзідэнцкай гонкі. А з 1 студзеня 2025 года пачнецца адзін з важнейшых этапаў электаральнай кампаніі – агітацыі. Было нагадана, што выбары Прэзідэнта краіны прызначаны на 26 студзеня 2025 года. Дэпутат Парламента заклікаў работнікаў райспажыўкааперацыі актыўна ўключыцца ў кампанію па выбарах
Кіраўніка дзяржавы і не баяцца ставіць подпіс за патэнцыяльнага кандыдата. Тым самым кожны жыхар Беларусі зробіць свой уклад у стваральнае сёння і мірнае заўтра краіны.
Дэпутат Парламента падзякаваў работнікам райпо за работу па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, асабліва важная роля прадпрыемстваў райпо ў арганізацыі гандлю ў сельскай мясцовасці. Падкрэслена, што дзяржава надае развіццю галіны надзвычай важнае значэнне. Указ Прэзідэнта Беларусі ад 5.08.2024 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі» – таму пацвярджэнне.
У гэты ж дзень выбарчая тэма ўздымалася і на сустрэчы дэпутата Палаты прадстаўнікоў у райвыканкаме.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.