Урок гісторыі ў школьным музеі. У Крывошынскай СШ музейная экспазіцыя, звязаная з падзеямі 1917 года, прадстаўлена дакументамі, фотаздымкамі, выразкамі з газет

Цаглінкі мінулага з’яўляюцца падмуркам будучыні. І наколькі трывалым будзе такі падмурак, залежыць ад кожнага пакалення.
Мы павінны помніць пра гісторыю, падзеі даўно мінулых гадоў, якія сталі вызначальнымі для далейшага лёсу беларускага народа.

7 лістапада 1917 года – дата, якая стала пераломным момантам, лічы, для ўсяго свету. Падзея, што атрымала назву Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, стала пачаткам нараджэння новай дзяржавы і новых, дагэтуль невядомых, сацыяльна-эканамічных адносін.
Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гісторыка-краязнаўчым музеі Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча адбыўся ўрок-экскурсія. Школьнікам расказалі пра важнасць гістарычнай падзеі, з якой мінула 107 гадоў. Сёмы дзень лістапада па праве лічыцца адным з сімвалаў барацьбы за сацыяльную справядлівасць і мір ва ўсім свеце. Бясплатныя адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, васьмігадзінны рабочы дзень, ліквідацыя саслоўных прывілеяў, роўнасць грамадзянскіх правоў жанчын і мужчын і многае іншае стала заваяваннем таго часу.


Дзякуючы рэвалюцыі людзі атрымалі права на працу, адукацыю і адпачынак, права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Мы, беларусы, набылі сваю незалежнасць, магчымасць будаваць суверэнную дзяржаву на прынцыпах дабра і справядлівасці, плённа працаваць на роднай зямлі. І сёння Рэспубліка Беларусь не толькі захавала, але і прымножыла гэты патэнцыял, выбраўшы ўласны шлях развіцця.
Падчас экскурсу ў мінулае хлопчыкі і дзяўчынкі з інтарэсам слухалі пра падзеі 1917 года. Многія з іх упершыню пачулі такія словы, як бальшавік, часовы ўрад, зімні палац, крэйсер «Аўрора» і іншыя. Музейная тэматычная экспазіцыя, звязаная з падзеямі 1917 года, прадстаўлена дакументамі, фотаздымкамі, выразкамі з газет.
Прычым нямала экспанатаў і цікавых звестак пра рэвалюцыйныя падзеі, што разгортваліся і на тэрыторыі цяперашняга Ляхавіцкага раёна: фотаздымкі старшыні і членаў Ляхавіцкага валаснога рэвалюцыйнага камітэта, непасрэдных удзельнікаў рэвалюцыі. Не меншую каштоўнасць уяўляюць і копіі вызначальных дакументаў – Дэкрэтаў аб міры і зямлі.
На ўроку гісторыі ў школьным музеі навучэнцам чарговы раз расказалі, што дзякуючы менавіта Кастрычніцкай рэвалюцыі наш народ набыў дзяржаўнасць. А яшчэ педагогі і школьнікі гаварылі пра тое, што ідэі аб’яднання народа, салідарнасці і роўнасці ўсіх людзей застаюцца важнымі і актуальнымі для розных пакаленняў. Асабліва гэта адчувальна ў наш супярэчлівы час, калі надзвычай складаная сітуацыя ў свеце і зусім блізка ад межаў нашай Беларусі. Важны і яшчэ адзін аспект – памяць. Ушаноўваючы Дзень Кастрычніцкай
рэвалюцыі, мы аддаём даніну павагі нашым продкам, для якіх гэта дата на працягу многіх дзесяцігоддзяў была адным з дзяржаўных святаў. Сёння суверэнная Беларусь упэўнена ідзе па ўласным шляху развіцця. Стваральная праца, імкненне да сацыяльнай справядлівасці, павага да гісторыі і традыцый – галоўныя фактары кансалідацыі беларускага грамадства. І мы, педагогі, павінны ў такіх традыцыях выхоўваць падрастаючае пакаленне.

Кацярына ГАЧКО, настаўнік гісторыі, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча.