Добры стымул, каб працаваць і на пенсіі

Зараз актыўна абмяркоўваецца Указ Прэзідэнта Беларусі № 402 «Аб сацыяльнай падтрымцы», які ўступіць у сілу з 1 студзеня 2025 года. Змяненні закранаюць працуючых пенсіянераў, прадугледжваюць дадатковыя гарантыі для мнагадзетных бацькоў, дзяцей-інвалідаў і г. д.

– У Ляхавіцкім раёне 1 413 чалавек, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, але прадаўжаюць працаваць.
Працуючым пенсіянерам, у каго індывідуальны каэфіцыент заробку вышэй за 1,3, пенсія выплачваецца не ў поўным аб’ёме. Выключэнне сёння складаюць толькі пенсіянеры, занятыя ў вытворчасці сельгаспрадукцыі. Згодна з прынятым Указам, абмежаванні па пенсіях працуючым пенсіянерам адмяняюцца. Такім чынам, з 1 студзеня 2025 года пенсія працуючым пенсіянерам будзе выплачвацца ў поўным аб’ёме, незалежна ад каэфіцыента заробку. Такі крок не толькі забяспечыць павышэнне пенсійных выплат, але і дасць грамадзянам, якія на заслужаным адпачынку, магчымасць прадоўжыць працоўную дзейнасць. Падлічылі, што некалькі соцень пенсіянераў Ляхавіччыны зацікавяцца атрыманнем дадатковага даходу пасля адмены абмежаванняў на памер пенсіі працуючым пенсіянерам, – адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Смаршчок.

А што думаюць самі пенсіянеры, якія хоць і заслужылі права на адпачынак па ўзросце, але па-ранейшаму працуюць.
– Прыемна, што дзяржава ў чарговы раз аказвае падтрымку пенсіянерам. У мяне нямала знаёмых, якія цяпер атрымліваюць пенсію з абмежаваннем, бо працуюць. Абмяркоўвалі з некаторымі з іх чакаемую дабаўку да пенсіі з 1 студзеня 2025 года. Па падліках, у адных яна складае 50 рублёў, а ў некаторых і больш за 100 рублёў у месяц. Акрамя таго, важны і нематэрыяльны аспект. Немалая частка сённяшніх пенсіянераў поўная сіл і энергіі працаваць, прыносіць карысць і дзяржаве, закрываючы дэфіцыт кадраў. Да выхаду на пенсію я працавала галоўным бухгалтарам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, вось ужо пяць гадоў з’яўляюся вядучым спецыялістам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна. Рада, што з пачатку наступнага года ў маім бюджэце будзе пэўная прыбаўка, – дзеліцца ўражаннямі ляхавічанка Валянціна Юрлевіч.
Нельга не адзначыць, што чарговыя меры па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва дазволяць палепшыць і сітуацыю на рынку працы, закрыць частку працоўных вакансій, ды і вопыт старэйшых пакаленняў у многіх пытаннях бясцэнны. Яны ўласным прыкладам паказваюць, што ўзрост не перашкода не толькі прадаўжаць працаваць па спецыяльнасці, але і асвойваць новыя напрамкі.
Галіна КАНЬКО.