Права спажывецкае. «ЛВ» правёў прамую лінію па пытаннях, што датычаць абароны правоў спажыўцоў

На прамой лініі «ЛВ» на пытанні, што датычаць абароны правоў спажыўцоў, адказвала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна Раманава.

– Добры дзень. Растлумачце, калі ласка, ці абавязаны магазін абмяняць падарункавы сертыфікат на грошы?
– Магазін не абавязаны вяртаць грошы за падарункавы сертыфікат, калі ў правілах рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) па падарункавых сертыфікатах прадавец
не прадугледзеў магчымасць такога абмену. Гэта права прадаўца,
а не яго абавязак.

Растлумачце, ці можа прадавец адмовіць у вяртанні няякаснага тавару на падставе праведзенай ім праверкі якасці?
– Адназначна, не! Праведзеная прадаўцом праверка якасці
не з’яўляецца экспертызай якасці тавару. Тым больш, што вынікі праверкі не могуць выдавацца прадаўцом як заключэнне экспертызы якасці тавару.
Экспертыза праводзіцца, калі па выніках разгляду патрабаванняў спажыўца прадавец адмовіў у іх задавальненні. І паміж спажыўцом і прадаўцом узнікла спрэчка пра наяўнасць недахопаў і прычыны іх з’яўлення. Калі ж пакупнік не згодны з вынікамі экспертызы, ён можа аспрэчыць заключэнне ў судовым парадку.

– У магазінах часам бярэш тавар па адной цане, а прыходзіш да касы – і аказваецца, што цана іншая…
– Пакупнік мае права купіць тавар па цане, заяўленай у гандлёвай зале. Гэта прадугледжана правіламі продажу. Такая сітуацыя можа ўзнікнуць з-за таго, што работнікі магазіна ў час не змянілі цэннікі пры выкладцы тавару. Адпаведна, тавар павінен быць прададзены па цане, указанай на цэнніку.

Набылі халадзільнік, а праз два тыдні ў ім праявіўся недахоп.
Звярнуліся ў магазін, каб абмяняць, а там не прымаюць і адпраўляюць у сэрвісны цэнтр для рамонту. Як быць?

– Вам трэба зафіксаваць ваша патрабаванне аб абмене няякаснага халадзільніка ў кнізе заўваг і прапаноў прадаўца ці накіраваць пісьмовую прэтэнзію ў адрас прадаўца з паведамленнем. Халадзільнік пры любым выяўленым недахопе пасля куплі можна вярнуць ці абмяняць толькі на працягу 30 дзён. Пасля гэтага тэрміну, калі недахоп не з’яўляецца істотным, законам прадугледжаны толькі рамонт.

Падкажыце, калі ласка, ці можна вярнуць у магазін канапу, калі да якасці тавару няма прэтэнзій, а не задавальняюць толькі яе габарыты?
– Так, якасны тавар можна вярнуць ці абмяняць на працягу
14 дзён, але пры ўмове, што канапа набыта асобна (а не ў скла-дзе гарнітура) і ў ёй адсутнічае механізм трансфармацыі, які прыводзіцца ў рух электрапрыводам.

Купіў тэлевізар і дома зразумеў, што не задавальняюць яго функцыі. Ці можна па гэтай прычыне вярнуць яго ў магазін?
– Калі прэтэнзій да якасці тэлевізара няма, то абмяняць ці вярнуць гэты тавар нельга. Тэлевізар адносіцца да складанабытавой тэхнікі і ўваходзіць ў пералік нехарчовых тавараў належнай якасці, якія не падлягаюць абмену ці вяртанню. Калі ж
на цэнніку былі заяўлены адны функцыі, а дома, уключыўшы тэлевізар, пакупнік іх не знайшоў, то тады размова ідзе пра няякасны тавар, дзе ўмовы дагавора
не адпавядаюць фактычным умовам. Тады можна звяртацца з адпаведнай прэтэнзіяй.

Сутыкнуўся з сітуацыяй, калі набыты фен працаваў толькі тры дні. Пры звароце ў магазін мне адмовілі ў яго абмене ці вяртанні грошай, зрабіўшы спасылку на тое, што тавар каштуе больш за сто рублёў, і патрабуецца экспертыза няспраўнасці. У выніку я апынуўся і без тавару, і без грошай…
– У Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» не прадугледжаны памер сумы, з якой могуць быць вернуты грошы за няякасны тавар. Пры набыцці няякаснага тавару права пакупніка звярнуцца ў магазін і заявіць сваю прэтэнзію: вярнуць грошы ці абмяняць тавар на якасны. У спрэчнай сітуацыі свае патрабаванні лепш фіксаваць у кнізе заўваг і прапаноў ці ў адвольнай форме выкласці іх у заяве на звычайным лісце паперы.

Ці выяўляюцца нядобрасумленныя інтэрнэт-прадаўцы, і якія меры да іх прымаюцца?
– Дзеля абароны правоў спажыўцоў аддзел эканомікі Ляхавіцкага райвыканкама перыя-
дычна праводзіць маніторынг інтэрнэт-прасторы ў адносінах да тых суб’ектаў, якія зарэгістраваны непасрэдна на тэрыторыі нашага раёна. На сёння на Ляхавіччыне зарэгістравана 12 інтэрнэт-магазінаў, і сёлета заўваг на іх працу ў райвыканкам не паступала.
Каб абараніць сябе ад нядобрасумленных прадаўцоў, важна
не прымаць тавар, які дастаўлены з інтэрнэт-магазіна, калі кур’ер вельмі спяшаецца і не жадае прадэманстраваць тавар пакупніку. Неабходна ў абавязковым парадку ацаніць якасць дастаўленага
тавару. Пры дастаўцы неабходна адзначыць у адпаведным акце, што прэтэнзій да знешняга выгляду тавару няма. Калі ў прысутнасці кур’ера быў знойдзены недахоп тавару, то можна адмовіцца ад яго атрымання без неабходнасці аплачваць дастаўку. У выпадку, калі кур’ер прывёз якасны тавар, але ён не падышоў, пакупнік таксама мае права адмовіцца ад яго атрымання, але неабходна кампенсаваць кошт дастаўкі.
Дарэчы, у закон аб гандлі і грамадскім харчаванні ўнесены вялікі блок змяненняў, які датычыць інтэрнэт-гандлю. Так, у законе замацавана магчымасць гандлю з выкарыстаннем інтэрнэту не толькі праз інтэрнэт-магазіны, але і з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў. Гэта фактычна азначае легалізацыю анлайн-гандлю праз маркетплэйсы і мабільныя дадаткі. Але законам для такога гандлю ўстаноўлены шэраг абавязковых умоў, сярод якіх прадастаўленне пакупніку даных пра ўладальніка інтэрнэт-пляцоўкі, пра тавар і прадаўца і г. д.

Пытанне ад «ЛВ»
– Ці праўда, што дзеянне Закона аб абароне правоў спажыўцоў распаўсюджваецца і на паслугі цырульнікаў, майстроў па манікюры?
– Так, з 1 кастрычніка 2024 года фізічныя асобы, якія выконваюць работы ці аказваюць паслугі па рэалізацыі тавараў у рамках самастойнай прафесійнай дзейнасці (самазанятыя), абавязаны выконваць заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў.

На прамой лініі працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.