Старонкі міліцэйскай гісторыі. 10 лістапада – знакавая дата, звязаная з нараджэннем савецкай міліцыі
10 лістапада – знакавая дата, звязаная з нараджэннем савецкай міліцыі. Пачынаючы з 2007 года, у гэты дзень у нашай краіне ўшаноўваюць ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Беларусі.
Яны даўно змянілі форму з пагонамі на цывільнае адзенне, выйшлі на заслужаны адпачынак. У мінулым засталіся выезды на месца здарэння, расследаванне цяжкіх злачынстваў і пошук прапаўшых людзей, дзяжурствы і вучэнні, але раз-пораз падзеі даўно мінулых гадоў нагадваюць пра сябе ва ўспамінах, падчас сустрэч, калі збіраюцца разам.
Трэба адзначыць, што ветэранская арганізацыя былых супрацоўнікаў РАУС надзвычай дружная, дзейсная і ініцыятыўная. Яны частыя госці ў сваіх маладых калег. Прыходзяць у аддзяленне не толькі, каб падзяліцца сваім бясцэнным вопытам работы, але і парадавацца поспехам сённяшніх вартавых правапарадку. І канешне, успамінаюць, расказваюць, дзеляцца ўражаннямі.
Днямі ў рэдакцыю «ЛВ» завітаў наш зямляк Міхаіл Ільюкевіч, капітан міліцыі ў адстаўцы, колішні ўчастковы інспектар райаддзела. У свой час ён быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу», знакам «Выдатнік міліцыі». Сустрэча атрымалася цікавай і запамінальнай. Успаміны перамяжоўваліся з праглядам старых фотаздымкаў, пажоўклых, з любоўю захаваных старонак газеты «Будаўнік камунізму», потым «Ляхавіцкага весніка», дублікатаў архіўных дакументаў, пісьмовых успамінаў. Па іх адсочваецца ўвесь баявы
і паўсядзённы шлях, што прайшла міліцыя Ляхавіччыны, дзейнасць якой бярэ пачатак адразу пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Архіўныя даныя сведчаць, што першым начальнікам міліцыі быў прызначаны Іларыён Вожнік. Рызыкуючы жыццём, першыя міліцыянеры сталі на барацьбу са злачынцамі і бандытамі. У маі 1940 года на сваім пасту ў вёсцы Востраў забіты міліцыянер райаддзела камсамолец Васілій Петрашэвіч. Іван Асос, Віктар Глінскі,
Сяргей Лагута, Іван Аношка – міліцыянеры, якія ў розныя гады загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, але памяць пра іх жыве і сёння. Вось адна з сапраўдных каштоўнасцей – фотаздымак, датаваны 1952 годам. На ім – асабовы склад Ляхавіцкага РАУС. Яшчэ адзін цікавы кадр – намеснік начальніка РАУС Іван Дарашэнка і старшы інспектар РАУС Аляксандр Яршоў 9 мая 1967 года нясуць службу па ахове правапарадку на Кургане Славы.
«…Шафёр-міліцыянер Ляхавіцкага райаддзела міліцыі сяржант міліцыі Пётр Барбялюк прыйшоў на службу адразу пасля вайны разам з партызанамі Казловым, Фалітарам, Піліпчуком, прымаў удзел у разгроме бандаў»… «Вялікі ўклад у справу барацьбы з бандытызмам унеслі супрацоўнікі Прывольнеў, Піліпчук, Аўсяннік, Раманоўскі і іншыя. Маладыя супрацоўнікі аддзела міліцыі будуць заўжды помніць пра гэтых таварышаў»… – гэта таксама з архіўных дакументаў.
«На работу ў Ляхавіцкі аддзел міліцыі паступіў у 1945 годзе на пасаду ўчастковага оперупаўнаважанага. Вельмі цяжкая была абстаноўка ў раёне, нямецкія прыслужнікі, былыя паліцаі тэрарызавалі насельніцтва, забівалі актывістаў… У 1951 годзе я ўдзельнічаў у разгроме бандаў Пакаленка, Ждановічаў, Цыкмана ў вёсцы Літве. У перастрэлцы тры бандыты былі забіты, а Цыкмана
я схапіў асабіста, за што быў адзначаны начальнікам упраўлення Міністэрства дзяржбяспекі Баранавіцкай вобласці», –
з успамінаў лейтэнанта міліцыі Ляхавіцкага райаддзела Аляксандра Фалітара.
«Разам з чэкістамі ў аперацыях па ліквідацыі бандытаў былі работнікі міліцыі. У 1947 годзе знішчаны банды ў вёсках Патапавічы, Малая Лотва, Грушаўка. У гэтых аперацыях міліцыянеры праяўлялі мужнасць, ніхто не скардзіўся на цяжкасці», – з успамінаў колішняга начальніка Ляхавіцкага райаддзела МДБ падпалкоўніка ў адстаўцы Васілія Сакалова.
На старонках слаўнай біяграфіі ляхавіцкай міліцыі занатавана і прозвішча Міхаіла Ільюкевіча, які службовы шлях у органах унутраных спраў пачаў у 1972 годзе.
– Вельмі хацеў быць міліцыянерам. Пасля службы ў Савецкай Арміі вырашыў ажыццявіць сваю мару. Медыцынскую камісію прайшоў паспяхова і быў прызнаны годным да міліцэйскай службы. Вельмі хваляваўся ў першыя дні працы памочнікам дзяжурнага. Добрай прафесійнай школай лічу вучобу ў Мінскай сярэдняй школе міліцыі, – гаворыць ветэран Ляхавіцкага РАУС Міхаіл Ільюкевіч. На працягу чвэрці стагоддзя Міхаіл Ільюкевіч дастойна выконваў абавязкі ўчастковага інспектара міліцыі. Успамінае, як падтрымліваць надзейны парадак у горадзе дапамагалі народныя дружыннікі. У цесным кантакце з працоўнымі калектывамі праводзіў мерапрыемствы па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. Даводзілася быць і выхавацелем – весці работу з падлеткамі, схільнымі да правапарушэнняў, і іх бацькамі.
– Асаблівая ўвага заўжды была накіравана на заявы, з якімі да ўчастковага звярталіся грамадзяне. Калі людзі ідуць за дапамогай у міліцыю, значыць, давяраюць і вераць, што ім тут дапамогуць. Давер неабходна апраўдваць. Менавіта такім дэвізам карыстаюцца і мае сённяшнія калегі, – адзначае Міхаіл Ільюкевіч.
Галіна КАНЬКО.