Наша Перамога. Мая гісторыя. Работа навучэнца Начаўскай СШ перамагла ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу

Клубочак прыводзіць хлопчыка да імправізаванага генеалагічнага дрэва, на кожнай галінцы якога фотаздымак членаў вялікай і дружнай сям’і.

– Мама, а гэта хто? – пытае хлопчык і паказвае на старэнькага мужчыну.
– Гэта, сынок, твой прапрадзядуля Аляксей Пятровіч Цімчанка, які нарадзіўся ў 1927 годзе. Ён на сабе зведаў усе жахі вайны, але выжыў і заўжды быў добрым, шчырым чалавекам…
Так пачынаецца відэаролік, які навучэнец другога класа Начаўскай СШ Арцём Купрыш зняў разам са сваёй мамай пры дапамозе класнага кіраўніка Ларысы Вярбіцкай. Галоўны герой відэарасказа – яго прапрадзядуля.
Падлетка разам з іншымі вясковымі юнакамі і дзяўчатамі напачатку Вялікай Айчыннай вайны фашысты выгналі на прымусовыя работы ў Германію.
Хлопец працаваў на будоўлі, фабрыцы, у сельскай гаспадарцы, вытрымаў усе цяжкасці, вярнуўся на Радзіму і пражыў доўгае, напоўненае шчаслівымі момантамі жыццё. Асабліва ўражваюць старыя відэакадры, дзе 86-гадовы дзядуля ўспамінае той страшны час.
– У нашай сям’і беражліва захоўваецца гісторыя ўсіх пакаленняў. Па крупінках збіраем гісторыю і хочам, каб яе ведалі і шанавалі і нашы дзеці, перадавалі гэту традыцыю сваім дзецям. Таму, калі Арцём расказаў пра прапанаваную настаўніцай ідэю зняць відэаролік пра нашу сям’ю, з інтарэсам узяліся за справу, – расказвае Ганна Купрыш.
Сумесная работа атрымалася цікавай. Спачатку яна перамагла ў раённым, а потым і ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Наша Перамога. Мая гісторыя» ўсебеларускага патрыятычнага праекта «Памяць пакаленняў у імя будучыні», прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакарыў відэаролік і рэспубліканскае журы ў фінале праекта. У намінацыі «Памяць пакаленняў у гісторыі маёй сям’і» відэаролік «Прапрадзед у сэрцы маім» Арцёма Купрыша заняў трэцяе месца. Хлопчык разам з настаўніцай Ларысай Вярбіцкай быў запрошаны на ўшанаванне пераможцаў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Галіна КАНЬКО.