На ўчастак заступіць. У Беларусі 17 лістапада адзначаецца Дзень участковага інспектара міліцыі

– Участковага часта называюць універсальным супрацоўнікам міліцыі. Ахова грамадскага парадку, выяўленне і спыненне злачынстваў і правапарушэнняў, пастаянны кантроль за тымі, хто стаіць на разнастайных уліках у РАУС ці раней меў праблемы з законам, прафілактыка правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін, разгляд заяў, што паступілі ад жыхароў участка, выезд на месца канфліктаў, апытанне сведкаў, узаемадзеянне з іншымі службамі – частка штодзённых клопатаў участковых. У Ляхавіцкім райаддзеле нясуць службу 11 участковых інспектараў міліцыі, – расказвае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС
Сяргей Хмарук. Дарэчы, ён таксама шэсць гадоў працаваў участковым, таму добра ведае гэту прафесію, стараецца заўжды падтрымаць сваіх падначаленых, дапамагчы і канктрэтнымі справамі, і слушнымі парадамі.
Якія яны, службовыя будні ўчастковага інспектара міліцыі? «ЛВ» адправіўся са старшым лейтэнантам міліцыі Віталіем Малевічам і капітанам міліцыі Аляксандрам Хомічам па замацаваных за імі ўчастках.

Давер трэба заслужыць

Да таго, як стаць участковым, Віталій Малевіч сем гадоў працаваў у аператыўна-дзяжурнай службе РАУС.
– Самае галоўнае ў міліцэйскай прафесіі – уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі. Тады  работа будзе прыносіць плён. Людзі сустракаюцца розныя. Участковы павінен выслухаць, нават калі размова складваецца не так пазітыўна, як хацелася б.
Акрамя таго, участковы павінен усюды паспець. Сямейны скандал,
крадзеж, крадзеж аўтамабіля – неабходна абавязкова адрэагаваць на сітуацыю, прыняць законныя меры, – адзначае Віталій Малевіч падчас паездкі ў вёску Задвор’е – адзін з адрасоў, што зна-
ходзяцца ў зоне адказнасці ўчастковага. Наогул, яго ўчастак – вёскі Альхоўскага, часткі Ганчароўскага і Крывошынскага сельсаветаў.
– Прафілактычная работа сярод насельніцтва – адзін з важных напрамкаў работы. Яна не толькі дазваляе быць у курсе падзей, што адбываюцца на ўчастку, але і наладзіць цесныя адносіны з тутэйшымі жыхарамі. Працуем разам з сельвыканкамам, сацыяльнай службай, педагогамі, медыкамі, старастамі – выконваем агульную работу. Так, па-ранейшаму маюць месца сямейныя скандалы, прычым, у асноўным, правакуе сітуацыі спіртное. Таму прымаюцца розныя меры да тых, хто злоўжывае алкаголем, у прыватнасці накіроў-
ваем у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Сёлета ў ЛПП адпраў-
лена 12 грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі ўчастка, – расказвае Віталій Малевіч.
Дарэчы, нядаўна па гарачых слядах раскрыты крадзеж у Марынова. Злодзей разбіў акно аднаго з дамоў, украў адзенне і іншыя рэчы. Знайшлі праз некалькі дзён.
Тым часам прыязджаем у Задвор’е. Каля магазіна ўчастковы сустракае двух падлеткаў, з якімі праводзіць прафілактычную размову пра выкананне правілаў дарожнага руху.
– Наш участковы ўважлівы і тактоўны. Расказвае нам, пенсіянерам, як не трапіць у пастку да махляроў, як абараніць сябе ад зладзеяў. Мы яму давяраем, – далучаецца да размовы жыхарка Задвор’я Тамара Піліпчык.
Асабісты прыём грамадзян – штотыднёвая працэдура для ўчастковага. Сярод пытанняў і праблем, з якімі грамадзяне звяртаюцца да супрацоўніка міліцыі, – часцей суседскія і сямейныя разборкі. Прыём грамадзян праводзіцца кожную сераду. Нягледзячы на складанасці, ненармаваны рабочы дзень, Віталій Малевіч не шкадуе пра выбар прафесіі і ўпэўнены, што знайшоў сябе ў міліцэйскай справе.

Парушэнняў становіцца менш

Пад пільнай увагай і наглядам участковага капітана міліцыі
Аляксандра Хоміча спакой больш як трох тысяч жыхароў і правапарадак у аграгарадках і вёсках Жарабковіцкага сельсавета. За плячамі 28-гадовага колішняга выпускніка міліцэйскай акадэміі больш за шэсць гадоў службы ў РАУС. Спачатку набіраўся вопыту ў аддзяленні крымінальнага вышуку, і ўжо чатыры гады ён участковы. Дарэчы, колішні настаўнік па крымінальным вышуку Міхаіл Сцепанькоў цяпер таксама яго калега – участковы інспектар міліцыі.
– Калі толькі перайшоў у службу ўчастковых, працаваў па Жарабковіцкім і Начаўскім сельсаветах. Па Жарабковіцкім маім папярэднікам быў Сяргей Хмарук, які зараз начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. Спатрэбілася нямала часу, каб пазнаёміцца з людзьмі, вывучыць найбольш праблемныя моманты. Цяпер куды прасцей, дакладна ведаеш, у якім населеным пункце і хто можа пераступіць закон. Правапарушэнняў становіцца менш, людзі сталі больш законапаслухмянымі, – адзначае Аляксандр Хоміч.
Дзякуючы ў тым ліку і намаганням участковага на шлях выпраўлення становяцца сямейныя скандалісты (на ўліку ў РАУС зараз знаходзяцца
25 тутэйшых дэбашыраў), на ўчастку зменшылася колькасць крадзяжоў.
– Некалькі гадоў назад доўга «змагаліся» з 35-гадовай вяскоўкай, якая сур’ёзна сябравала з алкаголем, засталася без сям’і (муж забраў дзяцей і паехаў жыць у Баранавічы) і поўнасцю дэградзіравала. Не пусцілі сітуацыю на самацёк, праводзілі размовы, адправілі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Адтуль вярнулася зусім іншым чалавекам, завязала са спіртным, змагла зноў заваяваць давер дзяцей і мужа, уладкавалася на работу. Цяпер толькі ад яе залежыць, якім яе жыццё будзе заўтра. Будзем трымаць сітуацыю на кантролі, –
гаворыць Аляксандр Хоміч.
– Ведаю, як гаворыцца, хто чым дыхае і ў які бок глядзіць. Каб трымаць сітуацыю на кантролі, трэба валодаць аператыўнай сітуацыяй не толькі на сваім участку, але і на суседніх тэрыторыях. Гэта дазваляе працаваць эфектыўней, аператыўна рэагаваць на правапарушэнні і злачынствы, абапіраючыся на дапамогу і падтрымку грамадзян і калег, – адзначае ўчастковы.
Да яго звяртаюцца, спадзеючыся знайсці не толькі дапамогу,
але разуменне і падтрымку. Напрыклад, калі размаўлялі з жыхарамі Патапавічаў, падышлі два мужчыны, адзін з якіх расказаў участковаму, што ўладжаны яго бытавы канфлікт з гаспадаром дома, які здымае. Аляксандр Хоміч гаворыць, што па-ранейшаму актуальныя пытанні – суседскія спрэчкі. Адзін з нядаўніх выпадкаў. Пенсіянерка паскардзілася, што ў яе прапалі гусі, і ўпэўнена заявіла: гусей забрала суседка і ўжо смажыць з іх шашлыкі. На справе
суседка аказалася ні пры чым, праз некалькі дзён гусі вярнуліся дамоў… Ёсць яшчэ адзін бок службы:
начныя дзяжурствы і рэйды, якія таксама ніхто не адмяняў. Але
малады ўчастковы не скардзіцца, бо такая ў яго работа, а службай сваёй ганарыцца. Дарэчы, нядаўна Аляксандр Хоміч ажаніўся, і выдатным падарункам маладым стала арэндная двухпакаёвая кватэра ў новабудоўлі па вуліцы Будаўнікоў у Ляхавічах.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.