Час паспяховых вынікаў. Размова пра дасягненні, сённяшні сельскагаспадарчы расклад і перспектывы
Напярэдадні вялікага сельскагаспадарчага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – размова пра дасягненні, сённяшні сельскагаспадарчы расклад і перспектывы. «ЛВ» імкнецца круглы год трымаць у курсе сваіх чытачоў пра этапы сельскагаспадарчых спраў, расказваць пра лепшых з лепшых. Час падсумаваць зробленае.
– Асноўная мэта дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна –
далейшае нарошчванне вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі з падтрыманнем высокага ўзроўню яе якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі рынку, і на аснове гэтага – павышэнне ўзроўню жыцця працаўнікоў вёскі. Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ажыццяўляюць у раёне ў асноўным яе аб’ёме восем сельгасарганізацый рознай формы ўласнасці.У кожнага з прадпрыемстваў ёсць свае рэкорды, пазіцыі, па якіх яны лепшыя не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна вырошчваюць сыравіну для ўласнай вытворчасці ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя, а ў Востраве знаходзіцца вытворчы ўчастак ЗТАА «Белдан». Таксама ажыццяўляе дзейнасць, якая садзейнічае раслінаводству, Ляхавіцкі аграхімсэрвіс, – адзначыў першы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Сёння мясцовая ўлада, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама імкнуцца прадаставіць усе магчы-
масці для фермераў – дбайных рупліўцаў, якія максімум выціснуць з атрыманых гектараў, стварыць працоўныя месцы тутэйшым людзям,
выкарыстаюць свой сельскагаспадарчы патэнцыял. На тэрыторыі раёна вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі займаецца 21 сялянская (фермерская) гаспадарка і ТАА «Яблыневы Пасад».
Апошняе, напрыклад, неаднойчы станавілася месцам, куды з’язджаюцца спецыялісты краіны пераймаць вопыт, таварыства становіцца пляцоўкай семінараў і майстар-класаў.
– Увогуле за сельскагаспадарчымі арганізацыямі і сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі замацавана 55,6 тысячы гектараў сельскагаспадарчых зямель, у тым ліку 37,7 – ворыва. Урадлівасць сельскагаспадарчых угоддзяў ацэнена ў 34,9 бала, раллі – 37 балаў, – расказвае Васілій Пыжык.
Ляхавіччына – рэгіён аграрнага прызначэння. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса, добрыя вынікі паказвае вырошчванне збожжавых культур. Трывалыя пазіцыі займаюць цукровыя буракі, рапс, лён і бульба. Пэўных поспехаў дабіліся аграрыі раёна і ў кормавытворчасці.
Сёлетняе жніво для хлебаробаў прынесла нямала сюрпрызаў, але да ўсяго былі гатовы.
Не сапсавала тэмп надвор’е, раннія тэрміны пачатку жніва, не падвяла тэхніка, прадэманстравалі патэнцыял і кадры – усё працавала на вынік. А вынік сапраўды рэкордны. Нашы камбайнеры намалацілі 86 тысяч тон збожжа, а гэта складае 107,2 працэнта да мінулагодняга паказчыка. Ураджайнасць зерневых – 51,2 цэнтнера з гектара (з улікам кукурузы).
– Камандная работа ўсіх звёнаў уборачнай кампаніі – наш «сярэбраны» вынік на жніўным фінішы. Сёлета Ляхавіцкі раён заняў другое месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод 16 раёнаў Брэсцкай вобласці, – расказвае Васілій Пыжык.
Парадаваў сёлета рапс. З розных пляцовак, інтэрнэт-крыніц гучала, што на Ляхавіччыне атрымалі лепшую ўраджайнасць рапсу ў вобласці. Аграрыі раёна сабралі 15 тысяч тон рапсу (133,6 працэнта да 2023 года), ураджайнасць – 43,9 цэнтнера з гектара. З улікам высокага бала ўрадлівасці зямель раён у абласным спаборніцтве па рапсе заняў трэцяе месца.
Цукровыя буракі падчас ўборкі таксама паказалі высокі ўраджай – атрымана 84 тысячы тон. А льнотрасты ў пераліку ў ільновалакно – 3,2 тысячы тон, што склала 124,4 працэнта да мінулагодняга паказчыка.
– Нарошчваем вынік і ў жывёлагадоўлі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы па стане на пачатак лістапада па сельскагаспадарчых арганізацыях раёна склала 30 917 галоў (102,1 працэнта да колькасці на тую ж дату мінулага года), у тым ліку кароў 10 751. За студзень –
кастрычнік атрымана 59 378 тон малака або 114,3 працэнта да аб’ёму за адпаведны перыяд 2023 года. Сярэдні надой на карову склаў па раёне 5 542 кілаграмы – дадалі амаль амаль паўтысячы. Прадукцыі
вырошчвання атрымана 8 423 тоны, у тым ліку буйной рагатай жывёлы 4 240 тон, свіней – 4 143 тоны. І гэта вышэй за вынікі 2023 года, – падсумаваў Васілій Пыжык.
– Без мадэрнізацыі, абнаўлення, будаўніцтва і рэканструкцыі – выніку не будзе. Сёлета ўзведзена другая чарга МТК «Ліпск» (СУП «Ліпнянка»). Запусцілі тры прафілакторыі для маладняку БРЖ (ААТ «Шлях новы», ААТ «Жарабковічы» і СУП «Белазем’е»), яшчэ два будуць пабудаваны да канца года. Завяршаецца будаўніцтва кароўніка з даільна-малочным блокам на МТФ «Цэнтр» у Начы (ААТ «Нача»). Варта адзначыць, што ўласнымі сіламі і за кошт уласных сродкаў арганізацый праведзена рэканструкцыя шэрага памяшканняў для вырошчвання і адкорму буйной рагатай жывёлы, – гаворыць Васілій Пыжык.
Сёння для кожнага прадпрыемства будучыня значыцца не толькі ў перспектывах вытворчасці, тэмпах развіцця – аснова ўсяму кадры. У нашым раёне Ляхавіцкі аграрны каледж выхоўвае і дае дарогу ў жыццё будучым аграномам, заатэхнікам, ветэрынарам. Многія каляджане пасля атрымання атэстата становяцца часткай сельскагаспадарчай сям’і Ляхавіччыны і праслаўляюць раён сваімі вытворчымі вынікамі.
– Са святам кожнага, хто мае дачыненне да сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. За вамі дабрабыт беларусаў, вашымі рукамі ствараецца будучыня. Няхай яна заўжды будзе упэўненай і перспектыўнай, а сёння будзе шчаслівым, рэкордным і паспяховым. Шчасця ў кожную сям’ю, міру над нашай квітнеючай краінай, – віншуе Васілій Пыжык.