СВК «Ляхавіцкі». З акцэнтам на якасць
Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко на просьбу карэспандэнта «ЛВ» назваць лепшых працаўнікоў адказвае: «У нас усе добрыя!» Тут кожны на сваім месцы стараецца рабіць як мага лепш з упорам на якасць.
І вытворчыя лічбы – таму безумоўнае пацвярджэнне.
Эканаміст СВК Святлана Гайцюкевіч падсумоўвае вынікі, якімі можна ганарыцца. Валавы збор збожжавых, грэчкі і проса склаў 7 752 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 55,4 цэнтнера з гектара. Самымі ўрадлівымі выдаліся азімыя трыцікале (66,6 цэнтнера з гектара) і пшаніца (58,7 цэнтнера на круг). Спрыяльны год і для царыцы палёў – з плошчы 150 гектараў сабралі 1 497 тон зерня кукурузы пры ўраджайнасці 99,8 цэнтнера з гектара. Апраўдаў надзеі і азімы рапс, які даў ураджайнасць 37,1 цэнтнера з гектара. Выканалі дзярж-
заказ па грэчцы і прадалі 24 тоны на Баранавіцкі хлебакамбінат. У гаспадарцы вырошчваюць проса, якога сёлета з 40 гектараў намалацілі 172 тоны.
За кожнай лічбай – старанная і карпатлівая праца ўсяго калектыву «Ляхавіцкага», а яшчэ дальнабачнасць і ўменне планаваць заўтрашні дзень.
Так, пры выбары тэхнікі кіруюцца яе ўніверсальнасцю, ацэньваюць выпрацоўку, эксплуатацыйную надзейнасць і іншыя фактары. Нядаўна на дэмапаказе быў культыватар-дыскатар «Horsch Tiger», краш-тэст якога праводзіў механізатар Мікалай Кавалёў. Агрэгат ацэнены станоўча, і ў планах «Ляхавіцкага» яго набыццё. Сёлета аўтапарк абноўлены камбайнам «Гомсельмаш», двума грузавымі аўтамабілямі, трыма легкавымі аўто, прычэпам ТС-2502,
які можа замяніць чатыры МАЗы на адвозцы сянажнай масы
і г. д., адзначае галоўны інжынер Міхаіл Крупінскі. Нядаўняя абноўка – трактар «Аграпол» кітайскага вытворцы, у якім не толькі тэхнічныя плюсы, але і пералік зручнасцяў для вадзіцеляў. Працуе на новай тэхніцы вопытны трактарыст-машыніст Валерый Гаўрыльчык.
Работа ў СВК «Ляхавіцкі» не спыняецца і ў гэтыя лістападаўскія дні. Ідзе падрыхтоўка пад сяўбу яравых, вываз арганікі і г. д. На раскідванні мінеральных удабрэнняў задзейнічаны механізатар Віктар Кардаш, на ворыве – Алег Шклянік, Леанід Пішч і іншыя.
Механізатары ў гаспадарцы ў залежнасці ад сезона садзяцца за руль розных сельгасмашын. З такіх універсалаў і Генадзій Граблюк.
Асобна пра малочныя рэкі «Ляхавіцкага». Валавы надой за 10 месяцаў склаў 8 410 тон, а надой на кожную карову – 6 876 кілаграмаў. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 782 грамы. З 4 034 галоў БРЖ дойны
статак перавышае 1 200 рагуль. Сярод лепшых па надоях сучасныя русінавіцкія МТК «Новы» (загадчык Аляксей Косач) і «470» (загадчык Мікалай Азімка). На МТК «470» на карову маюць 7 891 кілаграм малака, на МТК «Новы» – 7 625 кілаграмаў.
У сельскагаспадарчым сезоне «Ляхавіцкага» кропку пакуль ставіць рана. Канвеер аграрных клопатаў працягвае ўмацоўваць вытворчыя і эканамічныя пазіцыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.