Ураджайны шлях «Шляху новага»

ААТ «Шлях новы» ў гэтым годзе аказалася самым ураджайным сярод калег – аграрыяў Ляхавіцкага раёна. Паказаная сёлета навасёлкаўскімі раслінаводамі лічба гектарнага збору збожжавых разам з зернем кукурузы больш за 63 цэнтнеры заслугоўвае самых шчырых і гучных апладысментаў.
І, упэўнены, яны прагучаць ужо сёння, падчас урачыстасцяў з нагоды галоўнага хлебаробскага свята.

Тым больш, што слова пра асабліва ўраджайныя «соткі» ААТ «Шлях новы» на гэтым не заканчваецца. Разам з тым фактам, што рапс нятанна гандлюецца, з’яўляецца таксама досыць дарагім і са сваімі адметнасцямі ў вырошчванні. Каб «узбіцца» на добры, а лепш – вельмі добры ўраджай яго насення, неабходна правесці шмат доглядных мерапрыемстваў. Вытрымаць агратэхналогію і агракультуру. Толькі тады можна разлічваць на атрыманне амаль 60 цэнтнераў алейнага насення з гектара. У «Шляху новым» рапс сёлета не дасягнуў да агучанай лічбы зусім крыху – паказаў 59,6 цэнтнера з гектара. І гэта абсалютна лепшая ўраджайнасць крыжакветнай культуры сярод гаспадарак Ляхавіччыны. І, па некаторых звестках, другая ў асяродку сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці.
Заслугоўвае высокай адзнакі работа аграрыяў гаспадаркі на кукурузна-зерневым палетку. Сярэдняя ўраджайнасць апошняга перавысіла 111 цэнтнераў. У той час, як у іх бліжэйшага ў раёне канкурэнта не дасягае і сотні.
Раслінаводчы год для гаспадаркі склаўся належна. І ёсць спадзяванне на такі ж ці лепшы працяг у перспектыве будучых хлебаробскіх сезонаў ААТ «Шлях новы».

Іван КАВАЛЕНКА.