Новыя ліпнянскія траекторыі росту
У 2024 годзе СУП «Ліпнянка» адзначае асабліва высокі тэмп росту вытворчасці.
Такі стан спраў найбольш характэрны ў галіне жывёлагадоўлі, дзе на сярэдзіну года паказчык валавой вытворчасці малака па гаспадарцы дасягаў пяці-разовых, а то і больш высокіх аб’ёмаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Яшчэ адзін значны плюс ліпнянскага сельскагаспадарчага «мерыдыяна» – нязменна высокая якасць рэалізаванага ў прамысловую перапрацоўку малака. Па выніках работы за большасць мінулых месяцаў яно «гандлявалася» выключна гатункамі экстра і вышэйшым. І хоць у нядаўнім верасні гэты ключавы паказчык атрымаў нязначнае – усяго 0,2 працэнтнага пункта паніжэнне ад абсалютнага ўзроўню, якасць ліпнянскага малака па-ранейшаму трымаецца на ўзроўні лепшых сельгасарганізацый Ляхавіччыны.
Такі прарыў, канешне ж, здарыўся не на пустым месцы. Пачатак траекторыі росту быў пакладзены ў мінулым годзе, з глыбіннай рэкаструкцыі і пуску ў новую вытворчасць старой МТФ «Ліпск». У новых будынках размясціўся ў асноўным прадукцыйна новы статак жывёлы. І ў комплексе з новымі ўмовамі ўтрымання-кармлення-даення атрымаліся і новыя вытворчыя здабыткі.
Параўнальна нядаўна, ўжо ў гэтым годзе старая-новая ферма «Ліпск» яшчэ больш вырасла ў сваім статусе – да паўнацэннага малочнатаварнага комплесу. Былі рэканструяваны і ўжо запоўнены жывёлай яшчэ два мэтавыя памяшканні. У апошніх з’явіўся свой асобны, напоўнены самым сучасным тэхніка-тэхналагічным абсталяваннем даільна-малочны блок.
Высокую жывёлагадоўлю нельга ўявіць без належна ўзроўневага развіцця раслінаводства.
– Летась мы атрымалі ўласны вопыт вырошчвання соі. А ў гэтым адрозніваемся тым, што з’яўляемся адзінымі ў раёне вытворцамі кукурузы на насенныя мэты. У падобным выпадку культура ўбіраецца цэлымі пачаткамі. У такім выглядзе прадаецца на калібравальнае прадпрыемства, дзе і атрымлівае свой звыклы канчатковы насенны выгляд. Ураджайнасць насенных пачаткаў у нас склала больш за 130 цэнтнераў з гектара, а агульны продаж – каля тысячы тон. Як мяркую, гэта з’яўляецца глыбока камерцыйным праектам, – гаворыць галоўны аграном прадпрыемства Яўгеній Праневіч.
На просьбу адзначыць некага са сваіх падначаленых галоўны аграном падкрэсліў, што працуюць усе.
– Але, калі настойваеце, то назаву механізатараў Івана Пастарнакевіча і Віктара Гачко. У актыве першага ўсе пасяўныя работы, другі фактычна адзін за ўсіх спрацаваў на трамбоўцы кармоў, – прагучала ў адказ.
Іван КАВАЛЕНКА