ААТ «Нача». На ўраджай уплывае не толькі надвор’е
Аграгарадок Нача сёлета прымаў раённыя «Дажынкі», і мясцовыя аграрыі, як гаспадары сельскагаспадарчага свята, пастараліся ўнесці дастойны ўклад у каравай Ляхавіччыны.
Так, валавы збор збожжа «Начы» склаў 6 732 тоны пры ўраджайнасці 54,4 цэнтнера з гектара, што значна перавысіла мінулагоднія паказчыкі. Для параўнання: летась пры ўраджайнасці 50,2 цэнтнера з гектара валавы збор складаў 5 909 тон. Амаль удвая пры той жа плошчы пасеву ўзрасла ўраджайнасць рапсу – з 22,3 да 41,9 цэнтнера з гектара. А валавы збор гэтай культуры дасягнуў 1 259 тон пры мінулагодніх 668 тонах.
– Канешне, на ўраджай уплывае не толькі надвор’е. Севазварот, папярэднікі культур, колькасць удабрэнняў – агратэхнічныя мерапрыемствы і тэхналогіі, тэхнічнае забеспячэнне і многія іншыя фактары. Гэта ўсё так. Але стаўку ўсё ж робім на кадры нераўнадушныя, працавітыя і сумленныя. І такія працуюць у
ААТ «Нача». Ведаем, што лёгкага хлеба не бывае, і ўжо сёння закладваем фундамент будучага ўраджаю. Паскора-нымі тэмпамі справіліся з уборкай кукурузы. Зараз заняты ўздымам зябліва, унясеннем арганікі, іншымі сельскагаспадар-чымі клопатамі, – падкрэслівае дырэктар ААТ «Нача» Сяргей Шушпаннікаў. На чале гаспадаркі ён практычна год, але ўжо можна падлічваць зробленае.
Аператыўнасць і якасць працы забяспечваюцца дзякуючы, у тым ліку, спецыялістам, сярод якіх галоўны інжынер Артур Ясінскі, галоўны аграном Ігар Карпей, галоўны ветурач Галіна Базыльчык, галоўны інжынер-энергетык Міхаіл Мачук, іншыя. Надзейныя і адказныя, дзеля агульнага выніку яны не лічацца з уласным часам. З ліпеня бухгалтарскую службу ўзначальвае Ганна Рабцэвіч. Пад яе кіраўніцтвам высокакваліфікаваная каманда: старшы бухгалтар Галіна Тарлюк, бухгалтары Вераніка Вялічка, Святлана Сяргейчык, Людміла Бадзеева, бухгалтар па асноўных сродках Людміла Зіневіч.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Галіна Рамейка ў калектыве свая. Тут яна пачынала прафесійны шлях у 1978 годзе, тут заваявала аўтарытэт і прызнанне калег. І сёння справу сваю ведае выдатна і хварэе за яе ўсёй душой. Спецыяліст па кадрах, юрыст і прафсаюзны лідар – гэта пра абавязкі Юліі Дабравольскай, якая да тэрыторыі сваёй адказнасці ставіцца з павышанай увагай, ініцыятыўна і добрасумленна.
Эканаміст з больш як 20-гадовым стажам Марына Манько – спецыяліст вопытны і граматны.
Маладыя кадры, адпрацаваўшы два гады, застаюцца тут і далей. З такіх вет-урач Віталій Цяртышны. У гаспадарцы працуе ветфельчарам і жонка Віталія Вольга.
Адзін з лепшых працаўнікоў гаспадаркі – механізатар Раман Голя. Работнік універсальны, задзейнічаны ў сельскагаспадарчым канвееры ўсесезонна: сеяў і вясной, і восенню, дае добрыя аб’ёмы на нарыхтоўцы травяных кармоў, праявіў сябе вопытным і надзейным і падчас жніўнай кампаніі.
На ворыве на магутных трактарах шчыруюць Васілій Собаль, Уладзіслаў Купрыш. На адвозцы кармоў – Аляксандр Юнік, Эдуард
Чалядка. На нарыхтоўцы сена для рагуль быў задзейнічаны Уладзімір Зіневіч. Механізатар Іван Чушаль працуе на новым кормаўборачным камбайне FS-80. У радах тых, хто працуе з натхненнем, і трактарыст-машыніст Віктар Кунцэвіч, які за амаль два дзесяцігоддзі плённай працы мае адзнакі рознай вартасці. Сярод іх Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама званне «Чалавек года» на Ляхавіччыне па выніках 2023 года. Разам з іншымі перадавікамі жніўнай кампаніі ў раёне гучала і імя начаўскага вадзіцеля Уладзіміра Падгурскага, які перавёз звыш 2 000 тон
збожжа.
Своеасаблівая падушка бяспекі для ААТ – гаспадарлівасць і ўмелыя рукі працаўнікоў, што стараюцца зменшыць выдаткі на рамонт тэхнікі. За непрацяглы перыяд каля 95 працэнтаў тэхнікі, якая мела ў тым патрэбу, адрамантавана. Большая частка – уласнымі сіламі. У справе і загадчык майстэрняў Васілій Купрыш, зваршчык Сяргей Расоха, токар Вікенцій Ваўчок, каманда слесараў па рамонце сельгасмашын і іншыя. Сёння на захоўванне пастаўлена каля 70 працэнтаў машын і абсталявання. А ацэнку іх тэхнічнаму стану вясной паставіць поле.
Абнаўленне аўтапарка – патрабаванне часу. За выдзеленыя абласным бю-джэтам сродкі набыты кормаўборачны камбайн FS-80 і для яго тры прыстаўкі – падборшчык для траў, жняярка прамога зрэзу і жняярка для грубасцябловых культур з транспартнай цялежкай, якія сябе паказалі ўжо ў справе.
За ўласныя сродкі ў «Начы» купілі кормараздатчык «Коблік», два прычэпы ПСТ-12 з камплектам настаўных бартоў, два легкавыя аўтамабілі і іншае. На абласных «Дажынках» сельгаспрадпрыемству за дасягненне высокіх вынікаў у апрацоўцы збожжавых культур уручаны падарункавы сертыфікат на набыццё бункера перагрузчыка. Хутка чакаецца і яго дастаўка. Гэта аблегчыць адвозку зерня ад камбайнаў. У спісе абновак – плюшчылка вільготнага зерня ПВЗ-30, якая дазваляе сэканоміць час і зменшыць расходы на сушку зерня. Кукуруза прама са сцябла ў полі закладваецца на захоўванне ў поліэтыленавыя рукавы. Такім чынам у гаспадарцы нарыхтавана паўтысячы тон кукурузы. Кукуруза, люцэрна, іншыя культуры і травы – добры рацыён для рагуль, ад якога залежаць якасць малака і прывагі. На адну ўмоўную галаву ў «Начы» нарыхтавалі 29,6 цэнтнера кармавых адзінак, што на 3,23 цэнтнера вышэй за ўзровень мінулага года. Усяго ж закладзена на захоўванне каля 7 500 тон кармавых адзінак сенажу, сіласу і сена.
Прыкмета развіцця сельгаспрадпрыемства – узвядзенне вытворчых аб’ектаў. На ферме «Цэнтр» у Начы хутка будзе ўведзены ў дзеянне кароўнік на 480 галоў з малочным блокам. Тут жа сіламі гаспадаркі ўзведзены дзве сянажна-сіласныя траншэі на 4 500 тон.
У «Начы» размерана, але ўпэўнена ідуць наперад. І хоць поспехі пакуль невялікія, але і гэта плюс і станоўчая ацэнка працы. Так, на ферме ў Пашкоўцах, якой загадвае Сяргей Расоха, за 10 месяцаў сярэднясутачныя прывагі бычкоў склалі 683 грамы, і гэта плюс 45 грамаў да мінулагодняга ўзроўню. Наогул, у гаспадарцы сярэднясутачныя прывагі маладняку БРЖ павялічыліся на 22 грамы да ўзроўню мінулага года.
У якасці матывацыі працаўнікоў – павялічаная зарплата і сацыяльныя бонусы. Змяненні ў калектыўным дагаворы накіраваны на дабрабыт кожнага працаўніка. Так, кожнаму работніку да дня нараджэння выплачваецца паўтары базавыя велічыні, плюс для добрага настрою віншавальная паштоўка. А на юбілей базавых, адпаведна, больш. Адзін раз у год, пры адсутнасці дысцыплінарнага спагнання, гаспадарка бясплатна выдзяляе транспарт для падвозу дроў, брыкету ці адпампоўвання каналізацыі і г. д. Працуе і матэрыяльная падтрымка на аздараўленне, якая належыць да водпуску – 10 БВ. Зноў жа, пры ўмове адсутнасці «дысцыплінаркі». Пачалі практыку ўручэння перадавікам гаспадаркі грашовых сертыфікатаў – каб чалавек выбраў па душы і патрэбе. Прадугледжаны віншаванні і да Новага года.
Умеюць працаваць – умеюць і адпачываць. Пасля нарыхтоўкі сенажу калектыў за кошт гаспадаркі адправіўся на рыбалку. Пасля нарыхтоўкі сіласу накіраваліся на хакей. Запланавалі паездку ў Брэсцкую крэпасць, на «Лінію Сталіна».
Да прафесійнага свята шэраг працаўнікоў адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Старшы бухгалтар Галіна Тарлюк удастоена Ганаровай граматы Брэсцкага абласнога прафсаюза работнікаў АПК, Ганаровай граматы філіяла «Ляхавіцкі раённы аграпрамысловы саюз» Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза – аператар машыннага даення МТФ «Цэнтр» Ірына Ваўчок. Слесар па малочным абсталяванні Юрый Базыльчык атрымаў Ганаровую грамату раённага прафсаюза работнікаў АПК.
– Шчыры дзякуй нашым работнікам за добрую працу, сумленне і залатыя рукі, за разуменне важнасці аграрнай справы. Моцнага здароўя і дабрабыту кожнай сям’і. Няхай удаюцца новыя пачынанні і прымнажаецца агульная скарбонка, – адрасуе шчырыя віншаванні дырэктар ААТ «Нача» Сяргей Шушпаннікаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.