Не тэарэтыкі – практыкі. Ляхавіцкі аграрны каледж падводзіць вынікі сезона

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Ляхавіцкі аграрны каледж падводзіць вынікі сезона. І яны не толькі ў якаснай падрыхтоўцы добрых спецыялістаў для АПК, але і ў вытворчых паказчыках.

У распараджэнні каледжскай гаспадаркі вучэбна-вопытныя палі плошчай 24 гектары пчальніком, злакавымі травамі і збожжавымі культурамі, міні-садам з плодагадавальнікам і г. д.
Невялікі сад для навучэнцаў – выдатная вучэбная пляцоўка, дзе яны практыкуюцца ў абрэзцы і прышчэпцы пладовых дрэў, ягаднікаў і кустоў. Вырашчанае каляджане традыцыйна перадаюць навучэнцам, якія выхоўваюцца без бацькоў, частка выкарыстоўваецца на дэгустацыях.


Калектыў навучальнай установы не стамляецца эксперыментаваць з вырошчваннем новых сельскагаспадарчых культур, і ўласцівасці насення некаторых з іх ужо ацанілі многія ляхавічане. Напрыклад, павышаны попыт назіраецца на чумізу, якая добра зарэкамендавала сябе як кармавая культура з мноствам карысных уласцівасцяў. Некаторыя землякі насеннем кормяць свойскую птушку, і ў яе павышаецца яйцанос-касць. Ураджайнасць расліны сёлета склала 33,3 цэнтнера з гектара.
Прапісаны на каледжскіх палях і гарчыца белая, фацэлія і іншыя культуры. Іх насенне таксама вельмі актыўна раскупляе мясцовае насельніцтва.
Час цвіцення разнатраўя – перыяд для працы 21 пчоласям’і. Пчальнік – тэрыторыя адказнасці загадчыка лабараторыі «Вучэбны пчальнік» Вадзіма Чэшкі. Дзякуючы яго старанням каледжская мядовая бочачка напоўнена за лета больш як 350 кілаграмамі.
Што датычыць збожжавых, то ад традыцыйных пшаніцы, галазерневага ячменю ў каледжы зараз адыходзяць, выбар робяць на карысць азімых збожжавых – больш устойлівых і ўраджайных. Сёлета ўраджайнасць азімай пшаніцы склала 47,6 цэнтнера з гектара.
У прадукцыі ад мясцовага «Ляхавічка» маецца доля і ад каледжскіх рагуль, малако якіх прадаецца на СААТ гатункам экстра. Сакрэт, па меркаванні каляджан, у кармавым рацыёне. Загадчык лабараторыі «Вучэбна-вытворчы палявы севазварот» Арцём Качанаў, як вопытны аграном, не толькі забяспечвае ўраджайнасць культур, але і ведае, якія з іх уплываюць, напрыклад, на якасць малака. З такімі меркаваннямі ўключаюць у «меню» рагуль смачны і карысны гарбуз.
У аўтапарку каляджан нямала тэхнікі, працу яе без збояў забяспечваюць загадчык вучэбных майстэрняў Аркадзій Давідоўскі і яго каманда, у якой майстры на ўсе рукі – Сяргей Шпак і Васілій
Базылюк. Не адстае ад вопытных калег і садоўнік Уладзімір Трыфанаў.
У станоўчым рэйтынгу аграрнага каледжа вялікая роля належыць і загадчыку ветклінікі Віталію Кавальчуку, іншым выкладчыкам ветэрынарных дысцыплін. Іх вопыт і дасведчанасць ацэнены ляхавічанамі, якія звяртаюцца ў ветклініку за дапамогай для сваіх дамашніх любімцаў і свойскай жывёлы. З новага навучальнага года на змену вопытнаму загадчыку вытворчага аддзела Галіны Пянткоўскай прыйшла яе колішняя вучаніца, а зараз выкладчык Ірына Дубікоўская.
– Галоўная наша задача – падрыхтоўка добрых спецыяліс-таў, і вялікую ролю ў яе вырашэнні адыгрывае менавіта саўдзел нашых навучэнцаў ва ўсіх каледжскіх сельгаспрацэсах. Дзякуючы гэтаму нашы выпускнікі прыходзяць на працоўныя месцы не тэарэтыкамі, а гатовымі практыкамі, – падкрэслівае дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.