Сярэбранае разнатраўе. Мёд з Востраўскага лясніцтва заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе

У Беларусі ўпершыню адбыўся Рэспубліканскі конкурс мёду «Лепшы мёд сезона – 2024».

Ляхавіцкі лясгас адправіў пазмагацца за перамогу прадукцыю Востраўскага лясніцтва. І яна сярод сотні ўзораў мёду з усёй краіны атрымала высокую ацэнку кампетэнтнага журы – другое месца ў намінацыі «Лепшы кветкавы паліфлорны мёд».
Намеснік кіраўніка лясгаса Наталля Адаменка дзеліцца, што на конкурс накіравалі мёд з ляснога разнатраўя, які традыцыйна збіраюць у Востраўскім лясніцтве пчаляры Навумчыкі – бацька Іван і яго сын Антон. Салодкі пачастунак ацэнены жыхарамі Ляхавіччыны, якія звычайна купляюць яго на мясцовым кірмашы ці ў лясгасе. Дарэчы, праца Івана Навумчыка летась была адзначана Падзякай Прэм’ер-міністра Беларусі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.