У тысячу разоў больш. Паспрабуйце ўявіць сённяшняе жыццё без паслуг электрасувязі і інтэрнэту

Паспрабуйце ўявіць сённяшняе жыццё без паслуг электрасувязі і інтэрнэту. Наўрад ці атрымаецца. Бо гэта зручна, хутка і значна палягчае жыццё чалавека.

А вось напрыканцы мінулага стагоддзя далёка не кожная арганізацыя, што ўжо казаць пра простых людзей, магла дазволіць сабе такія прагрэсіўныя навінкі.
У апошнім нумары «Ляхавіцкага весніка» за 1999 год (за 29 снежня) паведамлялася, што «…расце папулярнасць «Інтэрнэта» і «БелПака»…
Яшчэ тры абаненты-арганізацыі «Інтэрнэта» і пяць – электроннай пошты «БелПак» з нашага раёна падключыліся да сеткі перадачы даных».
А гэта ўжо 28 ліпеня 2001 года. З інтэрв’ю з колішнім начальнікам РВЭС:
«…Нядаўна доступ у міжнародную сетку атрымала і гімназія. А ўвогуле ў раёне 26 арганізацый маюць электронную пошту і выхад у «Інтэрнэт». З іх 10 можна лічыць актыўнымі карыстальнікамі. Аб папулярнасці гаворыць і той факт, што ў нашым горадзе ёсць ужо прыватныя ўладальнікі «Інтэрнэта».
Усяго нейкія два з паловай дзесяцігоддзі – і сітуацыя змянілася кардынальна.
Па інфармацыі начальніка Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі Анатолія Лукашэвіча, па стане на 1 лістапада2024 года ў Ляхавіцкім раёне больш за 8 тысяч абанентаў інтэрнэту. Не адна тысяча і карыстальнікаў электроннай пошты на розных платформах.