Аграрная база для сяброўства. Ляхавіцкі аграрны каледж сустракаў дэлегацыю кіраўнікоў і выкладчыкаў аграрных каледжаў Рэспублікі Казахстан

13 лістапада Ляхавіцкі аграрны каледж сустракаў дэлегацыю кіраўнікоў і выкладчыкаў аграрных каледжаў Рэспублікі Казахстан. У Беларусі прадстаўнікі Куланскага агратэхнічнага вышэйшага каледжа і Кардайскага сельскагаспадарчага каледжа на працягу пяці дзён павышалі кваліфікацыю на базе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

Ляхавіцкі аграрны каледж стаў адной з вучэбных устаноў аграрнай спецыялізацыі на маршруце іх інтарэсаў. У цэнтры ўвагі гасцей –
матэрыяльна-тэхнічная база, працэс навучання, вучэбныя планы
і праграмы, алгарытм удзелу заказчыкаў кадраў у фарміраванні вучэбных праграм.
– Справа ў тым, што педагагічны калектыў нашай установы адукацыі традыцыйна цесна ўзаемадзейнічае ў пытаннях падрыхтоўкі спецыялістаў аграрнага сектара з заказчыкамі кадраў – сельгаспрадпрыемствамі раёна, якія валодаюць высока-тэхналагічным абсталяваннем. У прыватнасці, яны нам даюць рэкамендацыі па вызначэнні кампетэнцый спецыялістаў таго ці іншага профілю. У нас маецца магчымасць 15-16 працэнтаў тэматыкі вучэбных праграм спланаваць у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі аграпрамысловага сектара. Так, СВК «Ляхавіцкі» з’яўляецца базавай арганізацыяй, з якой у каледжа падпісаны адпаведны дагавор і з якой установа ўзгадняе вучэбныя праграмы. А старшыня сельгаспрадпрыемства Іван Вітко другі год узначальвае дзяржаўную камісію на выпускных дзяржаўных экзаменах, – адзначае дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Госці з Казахстана ў каледжы наведалі фрагменты вучэбных і практычных заняткаў, сталі ўдзельнікамі дыялогавай пляцоўкі «Праектаванне праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці «ветэрынарная медыцына» на аснове патрабаванняў арганізацый – заказчыкаў кадраў». Асаблівы інтарэс выклікалі вучэбныя выданні, аўтарамі якіх з’яўляюцца выкладчыкі каледжа, а таксама макет-трэнажор для навучання штучнаму асемяненню, многае іншае.
15 лістапада на базе РІПА ў Мінску пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Ляхавіцкім аграрным каледжам і Куланскім агратэхнічным вышэйшым каледжам падпісалі іх дырэктары – Ірына Прыступа-Юнік і Алжас Мусакулаў. Плануецца, што навучэнцы і выкладчыкі гэтых дзвюх устаноў адукацыі змогуць ажыццяўляць інфармацыйна-метадычнае ўзаемадзеянне ў пытаннях развіцця сістэмы прафесійнай і дадатковай адукацыі, стажыравацца і абменьвацца
вопытам, удзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях у
анлайн-фармаце, узаемадзейнічаць у рамках падрыхтоўкі да конкурсаў прафесійнага
майстэрства і г. д.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.