Сустрэча натхняе на стварэнне. Ляхавіцкія актывісты БРСМ сталі ўдзельнікамі сустрэчы з губернатарам Першага рэгіёна Пятром Пархомчыкам
Для маладога спецыяліста, які толькі пачынае свой прафесійны шлях, у пэўны момант важныя слова, парада, меркаванне, жыццёвы прыклад чалавека, які стане апорнай кропкай ці ключавым сюжэтам для кроку наперад. Менавіта з такім пачуццём вярнуліся актывісты БРСМ пасля сустрэчы з губернатарам Першага рэгіёна Пятром Пархомчыкам. На Брэстчыне такія сустрэчы заўжды адметныя шчырасцю размовы, у якой не бывае закрытых тэм, пакінутых без увагі пытанняў. А сустрэча запамінаецца моладзі і наведваннем важных брэндавых прадпрыемстваў і турыстычных маршрутаў рэгіёна.
Сёлетні дыялог стартаваў у ААТ «Івацэвічдрэў». Ляхавіцкія актывісты БРСМ сталі ўдзельнікамі падзеі, а ўражаннямі з «ЛВ» падзялілася першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч:

– Сама па сабе падзея абяцала быць запамінальнай. «Івацэвічдрэў» – гэта наш берасцейскі брэнд, наш гонар, знак якасці. А паглядзець тэхналогію вытворчасці знутры – гэта як прыадкрыць для сябе нейкае хараство. Тым больш, прысутнічаць на адкрыцці лініі ламініравання драўнянастружкавых пліт уласнай вытворчасці, даведацца, што гэта ўнікальная з’ява на беларускім рынку,
гэта як быць гледачом у першым радзе. Гонар за наша беларускае, брэсцкае.
Шыкоўным працягам стала размова з губернатарам. Сустрэча была прымеркавана да 85-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці, юбілей вобласць адзначыць 4 снежня. І, як заверыў Пётр Пархомчык, падзея не пакіне нікога раўнадушным, ужо сёння прадумваюцца розныя пляцоўкі, канцэртныя праграмы, інтэрактывы, каб паказаць усю глыбіню берасцейскай душы, шматграннасць нашай культуры, гістарычную спадчыну, нашу гасціннасць і ветлівасць, адзінства Брэстчыны. Гаварылі пра наш Першы рэгіён, нашы дасягненні ў
розных галінах. І гэты назапашаны скарб працягваць берагчы і прымнажаць нам, моладзі. Зразумела, што мы не маем права падвесці дзяржаву. Пётр Пархомчык на ўласным прыкладзе расказаў, чаго можа дасягнуць чалавек, які накіравана крочыць да мэты, калі ў прыярытэце – інтарэсы дзяржавы, любоў да краіны, павага да гістарычнай памяці народа, калі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Тады ўсе абставіны за цябе. Такія сустрэчы натхняюць на стваральную працу. Крануў фільм да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва: на экране
кадры-равеснікі. Але мы, маладыя, не ўяўляем, што 30 гадоў назад, калі краіна абрала першага Прэзідэнта, усё было не так, як сёння. Усе надзеі народа, спадзяванні спраўдзіліся, наш Прэзідэнт адвёў народ ад бездані.
Няхай кадры няпростых 90-х застануцца ў мінулым, але ж моладзі важна на іх азірацца, каб бачыць, як шчасціць нам жыць у краіне, дзе ўсё створана для шчаслівага развіцця. Таму Дзяржаўны флаг нашай краіны павінен лунаць горда і высока.
Сімвалічна завяршылі сустрэчу флэшмобам «Гэта наш флаг, і іншага флага ў Беларусі быць не можа!».
А турыстычны маршрут працягнуўся ў Косаўскім палацава-паркавым
комплексе.