Каб у злодзеяў не пачаўся дачны сезон

Напярэдадні закрыцця дачнага сезона паўстае пытанне: як захаваць сваю маёмасць на дачы ў зімовы перыяд? Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Кірыл Паплаўскі:

– Крадзяжы з дачных дамоў і ўчасткаў адбываюцца, як правіла, падчас працяглай адсутнасці ўладальнікаў. Асноўнай складанасцю ў раскрыцці такіх злачынстваў з’яўляецца тое, што паміж крадзяжом і момантам выяўлення данага факта праходзіць вялікі прамежак часу, за які следавая карціна страчана, а выкрадзеная маёмасць можа неаднаразова памяняць уладальніка.
Каб пазбегнуць крадзяжу, не варта пакідаць у дачных дамах каштоўныя рэчы: гаспадарчы інвентар, бытавую тэхніку, інструменты, будаўнічыя матэрыялы. Трэба перыядычна наведваць свае дачныя ўчасткі нават узімку, а пры немагчымасці гэта зрабіць – папрасіць суседзяў прыглядваць за вашым домам.
Не лішнім будзе абсталяваць вокны металічнымі рашоткамі і ахоўнымі аканіцамі, а дом – сістэмай відэаназірання.
Найбольш эфектыўнай абаронай уласнасці грамадзян з’яўляецца аснашчэнне дачы ахоўнай і трывожнай сігналізацыяй з падключэннем да сігнальнага пульта Дэпартамента аховы.