Кастрычнік – «цёплы» вечар жывёлагадоўчага года. Па выніках работы за 10 месяцаў года жывёлаводы сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны надаілі больш за 59 тысяч тон малака

Як і ўсе папярэднія адрэзкі 2024-га, «вечар года» (як нярэдка можна пачуць у адрас другога месяца каляндарнай восені) для жывёлагадоўлі Ляхавіччыны стаў дастаткова «цёплым». У параўнанні з папярэднім месяцам, гадавы тэмп вытворчасці малака зменшыўся зусім нязначна – усяго на тры дзясятыя долі працэнта і працягвае заставацца адным з самых высокіх сярод 16 раёнаў вобласці. Адно толькі ў кастрычніку з малочнатаварных фермаў і комплексаў агульнараённы выхад малака склаў амаль 6,2 тысячы тон. Няхітры падлік дае рэальную падставу меркаваць, што пры захаванні ўзятага разбегу на працягу фінішных лістапада і снежня Ляхавіччына можа разлічваць на атрыманне сярэднегадавых 6,5 тысячы кілаграмаў малака ад кожнай каровы.
Лідарскі тон па-ранейшаму задае СВК «Ляхавіцкі» – 6,7 тысячы ўдзельных кілаграмаў надояў за 10-месячны адрэзак часу. Найбольшую руплівасць у пагоні за лідарам паказвае ЗАТ «Белпрампрыбор», а самым значным плюсам на працягу ўсяго 2024-га вызначаецца СУП «Ліпнянка».
Сярод рэальных мінусаў у рабоце раённай жывёлагадоўлі можна лічыць той факт, што спажывецкая якасць рэалізаванага на прамысловую перапрацоўку малака некалькі ўпала. Удзельная вага гатункаў экстра і вышэйшага па выніках 10 сёлетніх месяцаў зменшылася ў параўнанні з базай 2023 года на 1,4 працэнтнага пункта і складае 92,4 працэнта.
Прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме ў кастрычніку засталіся на ўзроўні папярэдняга верасня –
склалі 665 грамаў на галаву ў сярэднім пераразліку. Аднак на лідарскія пазіцыі СВК «Ляхавіцкі» ўсё актыўней наступае ААТ «Жарабковічы».

Іван КАВАЛЕНКА.