У падарунак Брэстчыне – яблыневы сад. На тэрыторыі Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча закладзена памятная алея

На тэрыторыі Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча закладзена памятная алея – яблыневы сад з 85 дрэўцаў, якія сімвалізуюць кожны год развіцця Першага рэгіёна.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

– Сад стане сімвалам дабрыні і міру, напамінам маладому пакаленню, што жыць у квітнеючай і незалежнай краіне – вялікае шчасце, і яго трэба беражліва захоўваць і цаніць, памятаць салдатаў Перамогі, каму абавязаны сённяшнім светлым жыццём, – падкрэсліла дырэктар школы Святлана Якубоўская падчас урачыстасці «Люблю Беларусь! Ганаруся Брэстчынай!». Падзея папярэднічала калектыўнай пасадцы памятнай алеі, прымеркаванай да дзвюх знакавых юбілеяў – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя Брэстчыны.
Разам з педагогамі і навучэнцамі, сярод якіх на першых пазіцыях атрад «Школы міру», дрэўцы садзілі старшыня ААТ «Жараб-ковічы» Андрэй Новік, старшыня сельвыканкама Ігар Віхноўскі, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Таццяна Зубік, а таксама ляхавічанін Віталій Янковіч. Саджанцы яблыняў з яго падсобнай гаспадаркі ў Патапавічах – падарунак навучэнцам.
– Зменяцца пакаленні, а дрэвы будуць расці і радаваць школьнікаў доб-рым ураджаем. Навучэнцы будуць ведаць, што ў іх ёсць імянная яблыня. А можа хтосьці з іх пажадае звязаць сваё прафесійнае жыццё з садаводствам – справай цікавай і запатрабаванай, – адзначыў Віталій Янковіч.
Аграном са стажам, ён правёў для навучэнцаў урок па правільнай пасадцы яблыняў і іх доглядзе: «Яблыні не трэба садзіць глыбока, важна правільна зрабіць лунку і раскласці ў ёй карэнне і каранёвыя адросткі, каб яны не былі загнутыя ці перакручаныя». Для школьнага фруктовага сада выбраны яблыні зімовага сорту «фларына» –
устойлівага да хвароб і са смачнымі пладамі.


І закіпела работа. Хлопчыкі і дзяўчынкі, нягледзячы на капрызы надвор’я, дружна і з запалам садзілі дрэўцы. Было бачна, што многія з навучэнцаў робяць гэта не ўпершыню. Невялікія, але моцныя яблынькі хутка знайшлі сваё новае месцапражывання.
Сямікласнікі Сняжана Гвоздзь і Аляксей Праневіч падзяліліся, што яны з задавальненнем далучыліся да акцыі і спадзяюцца, што ўсе яблынькі прыжывуцца. І нават калі яны закончаць школу, то будуць ведаць, што на малой радзіме растуць менавіта іх дрэўцы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.