Служу беларускаму народу! Сярод тых, хто прынёс Прысягу на вернасць Радзіме і беларускаму народу, і навабранцы з Ляхавіччыны
23 лістапада ў Беларусі ваеннаслужачыя новага папаўнення прынеслі прысягу на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Сярод іх і навабранцы з Ляхавіччыны
У 85-й брыгадзе сувязі, што дыслацыруецца ў Баранавічах, пакляліся мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь ляхавічанін Макар Бурбіцкі і жыхар Галаўнінцаў Мікіта Дыдышка.
Макар скончыў Беларускі інстытут правазнаўства і, як дыпламаваны юрыст, разумее важнасць выканання канстытуцыйнага абавязку. Па выніках курсу маладога байца наш зямляк прызнаны адным з лепшых і за гэта атрымаў заахвочванне ў выглядзе некалькіх дзён звальнення.
– Лічу, што кожны мужчына павінен прайсці армейскую школу жыцця. У свой час я служыў у ракетных вой-
сках, сына прызвалі ў войскі сувязі. Скажу так: і раней, і зараз галоўнае ў арміі – дысцыпліна і парадак, выкананне вайсковага статута, фізпадрыхтоўка, страявыя і іншыя заняткі, нарады і г. д. Зараз, канешне, не параўнаць з мінулым часам салдацкія ўмовы жыцця і харчаванне – усё зручна, абеды смачныя. Да армейскага раскладу Макар хутка прывык. Кожны вечар салдаты могуць тэлефанаваць дадому. Прысяга прайшла ўрачыста і вельмі арганізавана. Для бацькоў была і экскурсія па вайсковай часці. Пазнаёміліся з узорамі сучаснай тэхнікі сувязі і стралковай зброяй. Жадаючыя маглі пакаштаваць салдацкай кашы і сагрэцца чаем, – дзеліцца ўражаннямі бацька навабранца Аляксандр Бурбіцкі.
Мікіта Дыдышка пасля Палескага дзяржаўнага ўніверсі-
тэта тры месяцы працаваў у ЦБП № 117 ААТ «ААБ Бела-
русбанк» у Ляхавічах. Мама навабранца Наталля Дыдышка адзначае, што прыняцце прысягі стала ў сям’і падзеяй святочнай:
– Было прыгожа, патрыятычна і вельмі хвалююча. На вочы наварочваліся слёзы гонару за сына і за яго таварышаў. Усё гаварыла пра тое, што вайсковая часць рыхтавалася да сустрэчы гасцей. А словы прысягі з вуснаў салдацікаў гучалі шчырым абяцаннем быць сапраўднымі абаронцамі Бацькаўшчыны. За тры тыдні, здаецца, пасталеў: ужо не дзіця – сапраўдны мужчына.
Служба сыну падабаецца, і за яго мы спакойныя. Курс маладога байца не стаў для яго выпрабаваннем. Пабыўшы ў часці, убачылі толькі
плюсы. Сярод іх добрыя ўмовы пражывання, і адносіны да салдатаў і г. д. Лічу, не лішняй у жыцці будзе і армейская спецыяльнасць.
Дзмітрый Кузакоў пасля заканчэння БНТУ працаваў інжынерам-электронікам у ААТ «Рудзенск». Курс маладога байца праходзіць у баранавіцкай вайсковай часці 96577, а напрыканцы лістапада будзе размеркаваны ў 56-ы Тыльзіцкі ордэна Чырвонай Зоркі полк сувязі, размешчаны ў Мінску. На прысягу сям’я прыехала ў поўным складзе. Мама салдата Таццяна дзеліцца, што ўражанні ад наведвання вайсковай часці толькі станоўчыя:
– Бацькам паказалі ўмовы пражывання салдатаў, адка-
залі на ўсе хвалюючыя пытанні. Наогул, як толькі Дзіма пайшоў служыць, на трэці дзень з часці патэлефанавалі і параілі запісаць кантактны тэлефон. А пасля мы, бацькі, атрымалі адтуль і пісьмо з карыснай для нас інфармацыяй. Па словах сына, адносіны камандзіраў добразычлівыя, служба падабаецца, на ўсіх яе этапах суправаджаюць вопытныя і кваліфікаваныя ваеннаслужачыя. Нават на стрэльбах прысутнічаў псіхолаг. За сына мы спакойныя, хваляванне адступіла. Зараз будзем чакаць размеркавання ў часць,
дзе Дзімка будзе служыць без малога год. Радуе, што складанасці армейскага жыцця ўспрымае з гумарам.
Ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў прынеслі прысягу на вернасць свайму народу 9 лістапада. Сярод іх і ляхавічанін Алег Маневіч. Урачыстая цырымонія для нашага земляка і яго саслужыўцаў прайшла на плошчы Цырыманіялаў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Курс маладога байца ён праходзіць у чацвёртай асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгадзе ўнутраных войскаў МУС у Баранавічах, а пасля будзе размеркаваны ў адну з вайсковых часцей.
Інэса Маневіч, мама салдата тэрміновай службы, адзначае, што прысяга стала ўрачыстым момантам не толькі для сына, але і для бацькоў.
– Тое, што рытуал прайшоў у знакавым для ўсіх беларусаў месцы, адразу настроіла на асаблівы лад. Сур’ёзныя, падцягнутыя, са зброяй у руках. Здаецца, з дня адпраўкі ў армію мінула не пару тыдняў, а некалькі месяцаў. Сын службу ўспрымае з усёй адказнасцю. На пытанне, як справы, адказвае, што ўсё нармальна. Канешне, спачатку мы за яго вельмі хваляваліся. Але наведванне часці зняла ўсе пытанні. Пасля заканчэння БДУ Алег працаваў спецыялістам па камп’ютарнай бяспецы ў галоўным інфармацыйным агенцтве пры Міністэрстве адукацыі. Ведаем, што пры жаданні ён можа вярнуцца туды і пасля арміі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.