Атраду рады… І на ферме, і ў камунгасе, і ў лясгасе. У РАЁНЦЫ ЗАФІКСАВАНА
Сёння трапіць у студатрады, якія працуюць пад крылом БРСМ, не так і проста. І не па прычыне, што яны не працуюць, а з улікам павышанай запатрабаванасці і папулярнасці сярод моладзі. А кожнае прадпрыемства рада прыняць на работу маладых і актыўных – работы хопіць, як і годнай заработнай платы.

Напачатку 90-х трапіць у будатрад таксама было няпроста. Толькі прычына – іншая, і яе яскрава зафіксавала раёнка тых часоў. У нумары за 9 верасня 1994 года ў матэрыяле «І будатраду ўжо не рады?» адзначаецца: «…З цягам часу гэты рух (будатрадаўскі. – Аўт.) пайшоў на спад. Прадпрыемствы і калгасы не заўсёды маглі нават сваім людзям гарантаваць неабходныя аб’ёмы работ, а трымаць на забеспячэнні некваліфікаваную заезжую моладзь станавілася ўвогуле накладна…».
І гэты сюжэт не толькі пра ляхавіцкую моладзь, а ўвогуле пра эканамічнае становішча прадпрыемстваў тых часоў. Пытанне
такое: хто займаўся моладдзю, каму цікавы былі яе інтарэсы, акрамя «вуліцы», пра якую сёння так маляўніча здымаюць серыялы.
Новаабраная ўлада краіны скіравала сваю ўвагу і на выхаванне моладзі. Сярод напрамкаў работы ўзяты курс і на яе працоўную занятасць. За трыццаць гадоў суверэннага шляху Беларусі пераемнік камсамолу БРСМ збярог і ўзняў на ўзровень студатрадаўскі рух. Сёння
ў Беларусі працуюць будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, сэрвісныя, экалагічныя, медыцынскія і вытворчыя атрады. І такое іх развіццё гаворыць, што і на прадпрыемствах рознай накіраванасці ўдосталь аб’ёмаў работы, каб прыняць моладзь на працу і заплаціць за зробленае.
На Ляхавіччыне, напрыклад, сёлета працавала 13 студатрадаў. Участкі работ для актывістаў БРСМ прадаставілі кансервавы завод, ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы», лясгас і камунгас. Працавалі педагагічныя атрады ў «Чайцы». У кожнага студатрадаўца, а гэта і школьнікі, і навучэнцы каледжа, і працоўная моладзь, засталіся прыемныя ўражанні. Па-першае, годны заробак – з часовымі працаўнікамі разлічыліся ў тэрмін і, як абяцалі, па суме. А, па-другое, для рабят, хто вырашыў правесці адпачынак за працай, быў арганізаваны і вольны час: экскурсіі, прагляды фільмаў, дыскатэкі і іншае.
– Для навучэнцаў каледжа, напрыклад, праца ў сельскагаспадарчых атрадах – гэта яшчэ і магчымасць пазнаёміцца з будучай прафесіяй.
Пагаварыць са спецыялістамі, даведацца пра кропкі кар’ернага
росту, будучы заробак – гэта асабліва важна для будучых аграрыяў. І хоць трэці працоўны семестр завяршыўся, ужо ёсць жадаючыя працаваць у наступным сезоне, – адзначыла першы
сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч.