Выбірайце правільны шлях! 1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам
За апошнія дзесяцігоддзі ў супрацьдзеянні СНІДу
дасягнуты значны прагрэс. І сёння, як адзначаюць медыкі, галоўная задача – выявіць людзей, якія жывуць з ВІЧ і нават не падазраюць пра гэта, забяспечыць ім доступ да якаснай медыцынскай дапамогі і прафілактыкі.
Акрамя таго, задача сусветнай кампаніі супраць СНІДу – павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва па пытанні ВІЧ/СНІД, аб’яднаць намаганні розных структур у дзейнасці па гэтай праблеме, звярнуць увагу грамадскасці на хуткасць распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі і неабходнасць захоўваць уласнае здароўе, павысіць якасць жыцця людзей, у якіх ёсць ВІЧ ці СНІД.
Сусветны дзень барацьбы са СНІДам штогод прысвечаны пэўнай тэме. Сёлета гэта – «Выбірайце правільны шлях – шлях правоў чалавека». Мэта – прыцягнуць увагу да праблемы распаўсюджвання хваробы і заклікаць да дзеянняў па абароне здароўя кожнага праз абарону правоў. Тэме адпавядае і слоган: «Свет можа перамагчы СНІД, калі правы кожнага будуць абаронены».
Штогод у Беларусі колькасць ВІЧ-інфіцыраваных павялічваецца больш чым на 1 500 выпадкаў, на Брэстчыне – на 130 выпадкаў. За перыяд назірання з 1987 года па 1 жніўня 2024 года ў Беларусі выяўлена 35 863 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, у Брэсцкай вобласці – 2 778 выпадкаў, у Ляхавіцкім раёне дыягназ «ВІЧ-інфекцыя» пастаўлены 24 чалавекам.
– Крыніцай інфекцыі з’яўляецца ВІЧ-інфіцыраваны чалавек на ўсіх стадыях захворвання. Існуе тры шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі. Першы – парэнтэральны (праз кроў) – часцей за ўсё пры ін’екцыйным увядзенні інфіцыраваных наркатычных сродкаў, выкарыстанні
нестэрыльных іглаў і шпрыцоў, шматразовых матэрыялаў пры манікюры і педыкюры, пры нанясенні татуіровак, пірсінгу. Заражэнне адбываецца палавым шляхам. Яшчэ адзін шлях перадачы інфекцыі – ад ВІЧ- інфіцыраванай маці да дзіцяці,у асноўным падчас родаў, а таксама пры кармленні грудзямі.
У нашай краіне наладжана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Тэсціраванне на ВІЧ мае важнае значэнне для пашырэння даступнасці лячэння, забеспячэння ВІЧ-інфіцыраваных магчымасцю весці паўнацэннае жыццё. Прайсці тэсціраванне, у тым ліку і ананімнае, можна і ў Ляхавіцкай райбальніцы – у працэдурным кабінеце паліклінікі (кабінет № 29) з 8 да 20 гадзін. Таксама можна без рэцэпта купіць у аптэцы спецыяльны тэст і правесці яго дома.
У Беларусі дзяржава гарантуе прадастаўленне лячэння ўсім ВІЧ-інфіцыраваным, незалежна ад стадыі інфекцыі і стану імунітэту. Вельмі важна, што ў нашай краіне такое лячэнне, якое прызначаецца пажыццёва, бясплатнае для пацыента, – расказвае ўрач-інфекцыяніст УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Вольга Васілько.
Асновай прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, па словах Вольгі Васілько, з’яўляюцца здаровы лад жыцця, высокая маральная культура, адмова ад шкодных звычак, асабліва ўжывання наркотыкаў, і выпадковых
палавых сувязей, выкарыстанне толькі асабістых прадметаў гігіены.
Разнастайныя прафілактычныя акцыі, тэматычныя мерапрыемствы, конкурсы, круглыя сталы праводзяцца ў гэты час ва ўстановах адукацыі.
З 1 па 10 снежня ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны праходзіць дэкада барацьбы са СНІДам. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Аксана Гатоўчыц расказала, што 6 снежня на базе Цэнтра медыцынскай падрыхтоўкі старшакласнікі гімназіі, СШ № 1 і СШ № 2 сустрэнуцца з урачом-інфекцыяністам райбальніцы, будуць абмяркоўвацца пытанні прафілактыкі распаўсюджвання гэтай небяспечнай хваробы. Традыцыйным стаў і агляд-конкурс мастацкіх плакатаў і малюнкаў «Небяспека – СНІД».
З 18 лістапада па 2 снежня праходзіць раённы этап конкурсу.
Сімвалам барацьбы з ВІЧ-інфекцыяй і СНІДам з’яўляецца чырвоная стужка, складзеная асаблівым чынам, якая азначае падтрымку, суперажыванне да хворых з ВІЧ і надзею на будучыню без гэтай каварнай хваробы. Па словах намесніка дырэктара СШ № 1
Наталлі Маслоўскай, валанцёры будуць праводзіць у школе прафілактычныя гутаркі, экспрэс-інфармаванне і раздаваць сімвалічныя чырвоныя стужкі. Шэраг мерапрыемстваў пройдзе і ў Ляхавіцкім аграрным каледжы.
Галіна КАНЬКО.