Рамантыка з акцэнтам на дакладнасць. Сярод шматлікіх юрыдычных службаў аддзел загса займае адметнае месца
Сярод шматлікіх юрыдычных службаў аддзел загса займае адметнае месца. Праца ў аддзеле запісу актаў грамадзянскага стану далёкая ад рамантычнай, якой яна ўяўляецца на першы погляд.

Вясельна-нараджальная лірыка тут суседнічае, так сказаць, з прозай жыцця. У аддзел землякоў прыводзяць розныя жыццёвыя сітуацыі і патрэбы. І ў многіх выпадках быць проста кваліфікаваным юрыстам – мала. У пераліку абавязковых для тутэйшых работнікаў якасцей – тактоўнасць, спагадлівасць, дакладнасць і акуратнасць, дысцыплінаванасць і прынцыповасць…
Вольгу Новік многія землякі ведаюць асабіста – менавіта яна, дзякуючы прафесійным абавязкам, стала сведкай іх сямейных урачыстасцяў і важных дат. У органах загса Вольга Іванаўна амаль
20 гадоў, з якіх шэсць – на чале аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Ляхавіцкага райвыканкама. Кожную ўрачыстую цырымонію заключэння шлюбу суправаджае не стандартнымі фразамі, а цёплымі і сардэчнымі словамі. Яна зацікаўлена кансультуе землякоў па самых розных пытаннях: ад аднаўлення страчаных дакументаў да пошуку сваяцкіх каранёў. Бывае і так, што начальніку аддзела загса даводзіцца мірыць мужа і жонку, якія не могуць прыйсці да кампрамісу, а яшчэ дапамагаць выбраць бацькам імя дачкі ці сына. І людзі за нераўнадушша і шчыры саўдзел вельмі ўдзячны.
Юрыст з вышэйшай адукацыяй і аўтарытэтным меркаваннем, магістр юрыдычных навук, член Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, а яшчэ партыі «Белая Русь» і Беларускага саюза жанчын – гэта пра актыўную грама-дзянскую пазіцыю Вольгі Новік. Яна з ліку тых прафесіяналаў, хто пастаянна ўдасканальвае свой узровень, прымае ўдзел у юрыдычных форумах і канферэнцыях. Да таго, ужо 16 гадоў яна выкладае юрыдычныя дысцыпліны на факультэце эканомікі і права ў БарДУ. Такое сумяшчэнне лічыць на карысць справе: знаходжанне ў цэнтры навуковых падзей і ў пастаяннай сувязі з нарматыўна-прававой літаратурай і дакументацыяй дае магчымасць знайсці індывідуальны падыход да кожнага навед-вальніка загса і аказаць высокакваліфікаваную дапамогу.
Вольга Новік імкнец-ца выхоўваць прававую дасведчанасць у насельніцтва, у тым ліку ў навучэнцаў школ раёна. Для гэтага ў аддзеле загса для школьнікаў ладзяцца шматлікія сустрэчы і экскурсіі, многія з іх прымеркаваны да дзяржаўных свят. Праходзяць тут і круглыя сталы з удзелам сем’яў, навучальныя семінары для кіраўнікоў справамі сельвыканкамаў. Днямі на базе Дараўскай СШ начальнік аддзела загса разам са спецыялістамі СПЦ за круглым сталом абмяркоўвалі са школьнікамі прававыя асновы шлюбу і сям’і.
Напярэдадні прафесійнага свята «ЛВ» адрасуе шчырыя віншаванні ўсім юрыстам і тым, хто стаіць на варце закону, права і справядлівасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
