Не такія, як іншыя. У ЦКРНіР хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць спецыяльную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу
«Дзякуй за вашу працу і сардэчныя адносіны!.. Дзякуючы спецыялістам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі маё дзіця стала хадзіць… Мы можам усёй сям’ёй паехаць на экскурсію, схадзіць у госці… Мы навучыліся чытаць і нават лічыць…» – такія водгукі атрымлівае калектыў ЦКРНіР ад бацькоў сваіх выхаванцаў.
Ва ўстанове адукацыі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інваліднасцю атрымліваюць комплексную сацыяльна-педагагічную, псіхалагічную і медыцынскую рэабілітацыю. Вопытныя і нераўнадушныя спецыялісты не даюць разгубіцца і застацца
сам-насам са сваімі праблемамі бацькам, у якіх сын ці дачка маюць цяжкія множныя парушэнні ў фізічным ці псіхічным развіцці. Хлопчыкі і дзяўчынкі тут навучаюцца па спецыяльных праграмах, і галоўная задача калектыву – скарэкціраваць асаблівасці развіцця, дапамагчы выхаванцам засвоіць навыкі самаабслугоўвання і без цяжкасцяў уключыцца ў актыўнае жыццё – нароўні з іншымі аднагодкамі.
Без увагі не застаюцца і дзеці ва ўзросце да трох гадоў: для іх праводзіцца ранняя комплексная дапамога, якая ўключае выяўленне, абследаванне і карэкцыю фізічных і псіхічных парушэнняў. Прадугледжана і індывідуалізаванае навучанне.
Сёння ў ЦКРНіР спецыяльную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу атрымліваюць 53 хлопчыкі і дзяўчынкі, з якіх 23 займаюцца на базе дзіцячага сада № 1 і ў гімназіі. Каля сотні дзяцей за год праходзяць курсы фізічнай рэабілітацыі на базе ЦКРНіР.
Цэнтр – шматфункцыянальная ўстанова, якая, акрамя арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з парушэннямі развіцця, таксама каардынуе сістэму спецыяльнай адукацыі ў раёне, і педагогі тут могуць атрымаць неабходную метадычную дапамогу.
Спецыялісты ЦКРНіР да справы ставяцца нераўнадушна, ствараюць камфортныя і зручныя ўмовы для сваіх выхаванцаў, пастаянна знаходзяцца ў творча-метадычным пошуку. У маі ЦКРНіР завяршыў рэалізацыю інавацыйнага праекта «Укараненне сістэмы ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі ва ўмовах ЦКРНіР». Яго суаўтарамі разам з іншымі настаўнікамі выступілі педагог-дэфектолаг Алена Козел і цьютар Алена Кубіцель (дыпламаваны псіхолаг, які суправаджае дзяцей-аўтыстаў). Вялікая роля ва ўстанаўленні кантакту з асаблівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі належыць педагогу-псіхолагу Дар’і Жэрка. Уважлівая і тактоўная, яна тонка адчувае дзяцей і асаблівасці іх развіцця. Намеснік дырэктара Наталля Кудзялевіч у спецыяльнай адукацыі больш за два дзесяцігоддзі і мае важкія напрацоўкі і аўтарытэтнае меркаванне.
У штаце цэнтра, акрамя педработнікаў, таксама інструктар па лячэбнай фізічнай культуры і медсястра па масажы Ала Платко, якая з веданнем справы падбірае спецпрактыкаванні,
што дапамагаюць палепшыць стан здароўя выхаванцаў.
З першага дня дзейнасці цэнтра яго ўзначальвае Наталля Маслоўская – кіраўнік энергічны і кампетэнтны, які разам са сваёй камандай упэўнена крочыць наперад і цвёрда ведае, якім будзе заўтрашні дзень ЦКРНіР, каб асаблівыя дзеці адчувалі сябе ва ўстанове, як дома. Сённяшнія дасягненні цэнтра і ўдзел яго падапечных у шматлікіх конкурсах і фестывалях – заслуга, у першую чаргу, дырэктара, які ў кожным асаблівым дзіцяці бачыць творчыя здольнасці і магчымасці.
Працу калектыву гэтай спецыяльнай вучэбна-выхаваўчай установы
нельга вымераць звычайнымі крытэрыямі. Перамогай тут лічаць і першыя крокі дзіцяці, уменне размаўляць пасля некалькіх гадоў маўчання ці трымаць самастойна лыжку.
Вялікую ролю ў адаптацыі, развіцці і навучанні выхаванцаў мае матэрыяльна-тэхнічная база. І яна штогод абнаўляецца. Так, папаўняецца камплект дыдактычных гульняў, сэнсарны пакой, адна з задач якога – стварэнне аптымальных умоў для аказання свое-
часовай псіхолага-педагагічнай дапамогі дзецям з парушэннямі развіцця. Спецыяльнае абсталяванне пакоя рэагуе на кожны рух дзіцяці, і гэта прымушае яго рухацца і размаўляць.
Нядаўняя абноўка – парта для дзіцяці-калясачніка. Трэба было бачыць шчаслівыя вочы маленькага чалавека, які ўпершыню ў жыцці знаходзіўся за сапраўднай партай! Чаго варты і разборны дом, дзе выхаванцы могуць і пагуляць, і адпачыць.
Абсталяванне для залы адаптыўнай фізкультуры, пакоя сацыяльна-
бытавой адаптацыі, сэнсарнага пакоя і іншых набываецца за кошт мясцовага бюджэту, а таксама дзякуючы спонсарскай і шэфскай дапамозе супрацоўнікаў РАУС, РАСК, Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, ПУП «АРТ-Наталі» (кафэ «Калі ласка») і іншым.
– Мы імкнёмся ствараць умовы для нашых дзяцей у адпаведнасці з іх адукацыйнымі патрэбамі. Вялікае значэнне надаём развіццю інклюзіўнай культуры. Цяпер на базе цэнтра будзе дзейнічаць раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Вырашаецца пытанне і адкрыцця на базе ЦКРНіР раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд», – адзначае Наталля Маслоўская.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.