Наша гісторыя працягваецца. За дзень да 85-гадовай падзеі на ўрачыстае адкрыццё запрасіла музейная экспазіцыя ў аблвыканкаме, прысвечаная юбілею Першага рэгіёна

За дзень да 85-гадовай падзеі на ўрачыстае адкрыццё запрасіла музейная экспазіцыя ў аблвыканкаме, прысвечаная юбілею Першага рэгіёна. «ЛВ» пашчасціла зафіксавацца ў месцы, дзе сабраны ўнікальныя факты, дакументы, архіўныя звесткі, фотаздымкі за 85 гадоў стваральнага жыцця.


Некалькі дзясяткаў квадратных метраў сталі прасторай, дзе занатавалася гісторыя нашай любімай Брэстчыны. Шлях няпросты: ствараліся, абаранялі сваё, аднаўлялі і будавалі, працягвалі слаўныя традыцыі, а апошнія трыццаць гадоў незалежнасці пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта ўмацоўвалі тое, што заўжды лічылі сваім.

Шмат дакументаў, фотаздымкаў, асабістых рэчаў, важкіх узнагарод было прадстаўлена краязнаўчымі музеямі, бібліятэкамі вобласці.
Кожная з вітрын адлюстравала лёсавызначальныя
этапы ў жыцці вобласці. Сярод асаблівых – Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб стварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей у складзе Беларускай ССР. Адпраўны дакумент імкнуліся зафіксаваць у сваіх смартфонах усе наведвальнікі.
І такіх гістарычных скарбаў шмат, кожны з рэгіёншчыкаў знойдзе на стэндах сваё.


З любоўю да роднай гісторыі, з пагавай да кожнай падзеі Першага рэгіёна экскурсію праводзіць дырэктар Дзяржаўнага архіва вобласці Ганна Карапузава. Слаўная гісторыя няхай працягваецца святамі і перамогамі, дасягненнямі і адкрыццямі, важкімі перспектыўнымі дакументамі і фотаздымкамі, на якіх беларусы Першага рэгіёна разам ствараюць шчаслівае жыццё.
У першы дзень работы музейнай экспазіцыі з архіўнымі дакументамі азнаёміўся старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык. Ён адзначыў, што наша гісторыя прадаўжаецца, важна адлюстроўваць усе вехі развіцця Брэсцкай вобласці.