Прыцягненне малой радзімы. Ляхавічанін Аркадзій Сакун прымаў віншаванні з 80-гадовым юбілеем
Патрабавальнасць, кампетэнтнасць, накіраванасць на вынік і самааддача ў справе, за якую б ні браўся, – якасці, уласцівыя ляхавічаніну Аркадзію Сакуну. Аркадзій Андрэевіч – асоба на Ляхавіччыне вядомая і паважаная. На працягу дзесяцігоддзя – з 1995 па 2005 год – узначальваў Ляхавіцкі райвыканкам, а да гэтага больш за 15 гадоў кіраваў адным з лепшых у той час сельгаспрадпрыемствам раёна – калгасам «Іскра».
Аркадзій Сакун нарадзіўся ў год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і на пяць гадоў маладзейшы за Брэстчыну, якая гэтымі днямі адзначае 85-гадовы юбілей. Сёння наш зямляк цёпла ўспамінае, што ў здабытках Першага рэгіёна ёсць і яго ўклад. У яго працоўнай біяграфіі, якая налічвае больш за паўсотню гадоў, былі розныя пасады: старшыня Малагарадзішчанскага сельсавета, намеснік старшыні калгаса «Кастрычнік», дырэктар Ляхавіцкага завода жалезабетонных вырабаў… Кожная з іх, па словах Аркадзія Андрэевіча, пакінула незабыўны след у яго жыцці і была своеасаблівай школай жыцця. А пачалося ўсё з працы на трактары ў калгасе «Кастрычнік». Пасля – чатырохгадовая служба на флоце і вяртанне на малую радзіму, дзе цалкам праявіўся яго талент арганізатара і кіраўніка, які ўмеў глядзець на перспектыву. Напружаная праца на пасадзе старшыні калгаса «Іскра» ўзнагароджвалася эканамічным плюсам сельгаспрадпрыемства, паважлівымі адносінамі людзей. Аркадзій Сакун і сёння перакананы, што дырэктар хоць і павінен быць строгім, але дысцыпліна трымаецца толькі на ўзаемаразуменні і аўтарытэце.
– Поспех немагчымы без каманды аднадумцаў. Давер – галоўнае. А яшчэ штодзённая плённая праца. Тады ўсё ладзіцца, – адзначае Аркадзій Сакун.
У 1984 годзе гаспадарка па выніках рэспублі-канскага сацыялістычнага спаборніцтва за паспяховае выкананне і перавыкананне заданняў адзінаццатай пяцігодкі па павышэнні ўраджайнасці, павелічэнні вытворчасці і продажы дзяржаве льну атрымала пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ.
У студзені 1995 года Аркадзію Андрэевічу прапанавалі ўзначаліць Ляхавіцкі райвыканкам, і ён згадзіўся. Як заўжды, працаваў па сумленні і з усёй адказнасцю.
У яго працоўнай біяграфіі было нямала ўзнагарод рознага ўзроўню. Сярод іх на пачэсным месцы медаль «За працоўныя заслугі», якім быў адзначаны ў 2001 го-дзе. Дарагая для Аркадзія Сакуна ўзнагарода – Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за плённую працу ў органах дзяржаўнага кіравання і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў і імянны гадзіннік ад Кіраўніка дзяржавы. Дарэчы, і сёння з хваляваннем прыгадвае, як у раёне сустракалі асабіста
Аляксандра Лукашэнку.
Пасля завяршэння дзяржслужбы Аркадзій Сакун вярнуўся ў сельскую гаспадарку – спачатку намеснікам старшыні СВК «Ордэна Знак Пашаны «Кастрычнік», а пасля і старшынёй гаспадаркі, якая ўжо мела назву СВК «Тальмінавічы». Праўда, знаходзілася яна тады не ў лепшым стане. На заслужаны адпачынак Аркадзій Андрэевіч выйшаў толькі ў 70-гадовым узросце.
Яго сіла – у яго сям’і, дзецях і ўнуках, у вернай спадарожніцы жыцця – жонцы Людміле Фёдараўне, у роднай зямлі, у людзях, якія давяралі і падтрымлівалі мудрага кіраўніка. Нядаўна Аркадзій Сакун прымаў віншаванні з 80-гадовым юбілеем.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.