Пачаткоўцы вучацца выбіраць. Ляхавіцкая дзіцячая бібліятэка запрасіла навучэнцаў СШ №2 на гульню-эксперымент «Мы – за кніжную будучыню»
У Ляхавіцкай дзіцячай бібліятэцы не толькі выхоўваюць любоў да роднай мовы і Бацькаўшчыны, павагу да кнігі і чытання, але і гадуюць юных выбаршчыкаў.
У мінулую пятніцу першакласнікі СШ № 2 завіталі ў бібліятэку для ўдзелу ў гульні-эксперыменце «Мы – за кніжную будучыню», прымеркаванай да выбарчай кампаніі. Усё было, як у дарослых, толькі з улікам узросту. У якасці прэтэндэнтаў на «дзяржаўны» пост – казачныя героі. Пачаткоўцы падчас гульні з інтарэсам даведаліся, што ўяўляюць сабой выбары і працэс галасавання, хто такія кандыдат і выбаршчык, чым кіруюцца выбаршчыкі, калі аддаюць свой голас за таго ці іншага кандыдата і г. д.
Кожны з хлопчыкаў і дзяўчынак адчуў сябе сапраўдным выбаршчыкам, які ставіць подпіс у бюлетэні і апускае яго ў спецыяльную скрыню – урну для галасавання.
Віктарына «Знаўцы» замацавала веды па дзяржаўных сімвалах і геаграфіі нашай краіны, паразважалі і над выказваннямі, чаму Беларусь працавітая і сінявокая, самая лепшая!
– Навучэнцы СШ № 2 з энтузіязмам і задавальненнем уключыліся ў гульню, якая нагадвае працэс выбараў. Такое мадэляванне, лічым, прынясе свае станоўчыя вынікі, і з юных патрыётаў нашы дзеці стануць сапраўднымі грамадзянамі Беларусі, свядомымі выбаршчы-камі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, а некаторыя з іх і кандыдатамі на разнастайныя дзяржаўныя пасты. Адзначу, што ў гульні-эксперыменце прымуць удзел і навучэнцы з іншых школ, – расказала намеснік дырэктара Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Сяргей.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.