Як ляхавічане павяліся на прапановы зламыснікаў і страцілі грошы

Ляхавічанка 1972 г. н. знайшла ў інтэрнэце на адной з гандлёвых платформаў аб’яву пра здачу ў Мінску кватэры для студэнта. У якасці аванса за жылплошчу перавяла 200 рублёў. Пасля атрымання грошай
«гаспадар» кватэры перастаў выходзіць на сувязь.

Гараджанка 1971 г. н. павялася на прапанову ў сацыяльнай сетцы прайсці навучальныя дызайнерскія курсы. Дамовілася аб умовах аплаты, а калі перавяла 2 200 рублёў, перапіска спынілася. Скарыстацца аплачанымі заняткамі не ўдалося, і жанчына
звярнулася ў міліцыю.

Не пашанцавала і жыхарцы раёна 1985 г. н., якая вырашыла прадаць адзенне на адной з гандлёвых пляцовак. Пасля размяшчэння аб’явы знайшоўся пакупнік, які прапанаваў перавесці грошы за тавар на банкаўскую картку. Наша зямлячка, не задумваючыся, паведаміла яе рэквізіты і недалічылася на карт-рахунку 370 рублёў.

Каб не стаць ахвярай махляроў, варта быць пільнымі пры заказе тавараў і прадастаўленні паслуг у інтэрнэце –
існуе рызыка сутыкнуцца з нядобрасумленнымі прадаўцамі і пазбавіцца грошай. Зламыснікі ў пошуках нажывы вынаходзяць усё новыя спосабы для незаконнага абагачэння і стараюцца ўсяляк увайсці ў давер.


Набываючы тавары ці паслугі ў інтэрнэце, важна выбіраць правераныя магазіны і гандлёвыя пляцоўкі. Неабходна мінімізаваць заключэнне здзелак з неправеранымі суб’ектамі на ўмовах поўнай або частковай перадаплаты. Пры неабходнасці трэба запатрабаваць дадатковую інфармацыю і гарантыі ад прадаўца ці пакупніка.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.