Берасцейцы – людзі шчаслівыя. Ляхавіччына – таксама Брэстчына. 4 снежня берасцейцы святкавалі 85-годдзе з дня ўтварэння вобласці
Ляхавіччына – таксама Брэстчына. 4 снежня берасцейцы святкавалі 85-годдзе з дня ўтварэння вобласці. Мы ганарымся, што жывём, працуем, ствараем на гэтай зямлі. Першы рэгіён – лепшы!
4 снежня берасцейцы і Брэстчына прымалі віншаванні з нагоды 85-гадовага юбілею Брэсцкай вобласці. З самай раніцы сацыяльныя сеткі арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны, устаноў адукацыі раёна поўніліся самымі шчырымі словамі ў адрас малой радзімы. Ёй лёсам наканавана паказваць лепшы вынік, трымаць марку Першага рэгіёна, а яе жыхарам імкнуцца ў сваіх справах каваць дабрабыт рэгіёна і краіны.
Цэнтрам святкавання стаў любімы Брэст. Сюды з усіх раёнаў Першага прыязджалі жыхары вобласці, каб дакрануцца да гэтай прыгожай імпрэзы.
А горад сустракаў прыгожа – па-юбілейнаму. З размахам! За восем з паловай дзесяцігоддзяў Брэстчына замацавала за сабой статус прагрэсіўнага рэгіёна, які будуе заўтра на традыцыях продкаў. Брэсцкі Палац спорту «Вікторыя» стаў галоўнай святочнай пляцоўкай, а тэрыторыя вакол ператварылася ў сотні пляцовак, што ў дэталях расказвалі пра рэгіён. Прэзентаваць сябе ў кантэксце Брэстчыны, расказаць пра лепшыя дасягненні свайго рэгіёна, здзівіць нечым незвычайным і ўнікальным, прэзентаваць гасцям сваю прадукцыю, свой брэнд і, канешне, бясцэнны скарб гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Поле для крэатыўнасці і творчасці – хоць адбаўляй!
Ляхавічане на сваю прэзентацыйную зону запрашалі паласавацца натуральнай прадукцыяй кансервавага і малочнага заводаў, атрымаць фірменны пернік ад кааппрама, а яшчэ сваю прадукцыю прадэманстравалі мясцовыя прыватныя прадпрыемствы. Шыкоўнай фотазонай стала выстава ад ільнозавода, цікавіліся і ўнікальнай выстаўкай рэтрафотатэхнікі. Шмат нагляднай інфармацыі пра развіццё сфер раёна і асобныя прадпрыемствы, цікавы фільм дапаўнялі агульную карціну выставы. Сувеніры ад устаноў адукацыі да 85-гадовага юбілею ўпрыгожвалі задумку ляхавіцкага павільёна. Ярка сябе прэзентаваў і агракаледж.
Пяшчотным, урачыстым, цёплым і напоўненым успамінамі любімай
Брэстчыны атрымаўся святочны канцэрт у Палацы спорту «Вікторыя».
Шмат шчырых слоў у адрас берасцейцаў і Брэстчыны сказаў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Па-роднаму гучалі віншаванні віцэ-прэм’ера, прадстаўніка Кіраўніка дзяржавы ў
Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейкі.
На сцэну ў гэты святочны дзень за заслужанай узнагародай падымаліся і ляхавічане. Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Міхаіл Русы ўручыў Падзяку Старшыні Савета Рэспублікі кіраўніку Ляхавіцкага раённага дэпутацкага корпуса Юрыю Чаранкевічу. Старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык узнагародзіў Граматай абласнога выканаўчага камітэта намесніка галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Міхаіла Куляшова.
Былі цудоўныя творчыя нумары ад калектываў вобласці, суседзяў і нават тых, хто за межамі краіны. А ў адказ – гучныя апладысменты ад шчаслівых берасцейцаў.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.