Трымаць планку першага – гэта адказнасць! Напярэдадні важнай падзеі для Брэстчыны журналісты мелі магчымасць задаць свае пытанні кіраўніку Брэсцкай вобласці
Напярэдадні важнай падзеі для Брэстчыны журналісты вядучых СМІ краіны, вобласці і рэгіянальных выданняў мелі магчымасць задаць свае пытанні кіраўніку Брэсцкай вобласці Пятру Пархомчыку. Спектр пытанняў тычыўся самых розных сфер: журналістаў цікавілі і эканамічны складнік, работа вядучых прадпрыемстваў вобласці, праграма развіцця прамысловасці рэгіёна і многае іншае. Адкрытая і шчырая размова – такі фармат і тон прэс-канферэнцыі задаў губернатар. Калі ёсць пытанні – павінны быць адказы, і грунтоўныя.
У размове не аднойчы гучала, што наш паўднёва-заходні рэгіён – гэта магчымасці і кропкі росту ў розных сферах. Зроблена не мала, пра што сведчаць лічбы, да якіх яшчэ вернемся. Аднак, што асабліва радуе, ёсць планы на перспектыву для далейшай работы прамысловых прадпрыемстваў. Напрыклад, Пётр Пархомчык адзначыў, што на «Брэстмашы» плануецца павялічыць аб’ёмы выпуску легкавога транспарту. Акрамя гэтага, у сціслыя тэрміны павінна пачацца работа над арганізацыяй зборачнай вытворчасці легкавога камерцыйнага транспарту. Зацікавіў журналістаў той факт, што ў Брэсце правялі пробную зборку мінівэнаў «Брэстмаша». І, як адзначыў губернатар, цяпер гэтыя машыны праходзяць сертыфікацыю. Ёсць дамоўленасці, што ў бліжэйшы час атрымаем пацвярджэнне якасці і, адпаведна, гэтыя аўтамабілі стане магчымым прадаваць.
– Важна разумець, што пашырэнне вытворчасці – гэта і стварэнне працоўных месцаў, і рост заработнай платы, гэта эканамічная аснова сацыяльнага дабрабыту берасцейцаў, – дадаў Пётр Пархомчых.
Ён таксама адзначыў, што берасцейцы – гэта людзі са знакам якасці, якія ўмеюць працаваць і працуюць вынікова. Таму, па словах губернатара, нельга дапусціць падзення вытворчасці, зніжэння эфектыўнасці работы сельгаспрадпрыемстваў Першага рэгіёна. Што датычыцца даведзеных паказчыкаў, то нявыкананым застаецца толькі адзін – паказчык па інвестыцыях. Але і ў гэтым напрамку ўдалося нарасціць лічбу.
Назначаючы на пасаду, Прэзідэнт паставіў задачу новаму губернатару сур’ёзна папрацаваць з прамысловасцю. Што робіцца ў гэтым напрамку?
– Напрыклад, сёння ў Баранавічах працуюць над рэалізацыяй адразу некалькіх значных інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, завершана падрыхтоўка вытворчай пляцоўкі для арганізацыі вытворчасці халадзільнага абсталявання кампаніі «Мідэа». Першыя кантэйнеры з абсталяваннем прыбылі ў Баранавічы. Ідзе поўным ходам разгрузка. Спадзяёмся, што да канца гэтага года атрымаем усе неабходныя станкі і ўсе тэхналогіі для вытворчасці новых халадзільнікаў. На гэтай вытворчасці будуць прыменены перадавыя тэхналогіі. Наша задача – да канца года ўсё гэта размясціць і ў першым квартале наступнага года выпусціць першую партыю халадзільнікаў, – расказаў Пётр Пархомчык.
Прагучаў і той факт, што ў лістападзе на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе – філіяле ЗАТ «Атлант» – запушчана вытворчасць першага ў Беларусі высокаэфектыўнага інвертарнага кампрэсара на новым тэхналагічным абсталяванні.
Таксама ў Баранавічах займаюцца рэалізацыяй яшчэ аднаго праекта – арганізацыя вытворчасці ў Беларусі 19-месных самалётаў
«Асвей». У 2026 годзе чакаецца выпуск і выпрабаванні доследнага ўзору самалёта.
У кантэксце ўстойлівасці рэгіянальнай эканомікі важная роля надаецца рэалізацыі праекта «Адзін раён – адзін праект». Кіраўнік вобласці адзначыў, што рух у гэтым напрамку ідзе значны. Частка праектаў ужо рэалізавана. Лічбы гавораць, што ў 16 раёнах і 3 гарадах вобласці рэалізуецца 31 інвестыцыйны праект.
– Гэта новыя вытворчыя прадпрыемствы, інвестыцыі ў развіццё і новыя працоўныя месцы ў рэгіёнах. У сваю чаргу, важна засяродзіцца на якасным складніку, а не на колькасці. Адна з галоўных задач – не толькі адкрыць новыя вытворчасці, але і стварыць працоўныя месцы, каб спыніць адток насельніцтва з рэгіёнаў. Пакуль мы не можам сказаць, што дасягаем пастаўленых мэт. Пры рэалізацыі ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект» плануем дадаткова стварыць каля 1 190 працоўных месцаў. Гэтай колькасці відавочна недастаткова, каб атрымаць належны эфект, – сказаў Пётр Пархомчык.
У Ляхавіцкім раёне ў рамках гэтай праграмы з мая 2024 года наладжана вытворчасць катанізаванага валакна на базе ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Прырост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі складзе 19 працэнтаў, вытворчыя магутнасці дасягнуць 900 тон у год. Акрамя таго, створана 24 новыя працоўныя месцы.
2025 год – завяршальны ў бягучай пяцігодцы. За тры гады рэгіён дасягнуў значных вынікаў і знаходзіцца ў тройцы лідараў сярод рэгіёнаў краіны. У гэтым кантэксце губернатар адзначыў, што валавы рэгіянальны прадукт вырас на 4,2 працэнта. Прадукцыя сельскай гаспадаркі – на 9,3 працэнта (першае месца ў рэспубліцы), прамысловасці – на 7,6 працэнта, экспарт тавараў – у 1,3 раза, рэальная заработная плата – на 18,4 працэнта.
У рэальны сектар і сацыяльную сферу за гэты перыяд прыцягнута больш за 13 мільярдаў рублёў інвестыцый, у тым ліку ў 2023 годзе – 5,5 мільярда рублёў. За 2021–2023 гады ўведзена ў эксплуатацыю практычна 2 мільёны квадратных метраў жылля (пры заданні 1 885 тысяч квадратных метраў), тэмп росту 103,5 працэнта. Станоўчая дынаміка захоўваецца і сёлета. Па выніках 10 месяцаў гэтага года тэмп росту ВРП склаў 104,4 працэнта і перавышае гадавы прагноз на
1,1 працэнтнага пункта.
– Сярод рэгіёнаў рэспублікі Брэсцкая вобласць першая па алфавіце. Такое становішча шмат у чым вызначыла і імкненне на справе адпавядаць статусу першага рэгіёна. Трымаць планку першага – гэта адказнасць, якая патрабуе пастаяннага развіцця, ініцыятыўнасці і гібкасці. Разам мы можам многае! – падагульніў Пётр Пархомчык.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.