Дзядулева ліпа. Мой дзядуля Васілій Сокал (мемуарыст, публіцыст, краязнаўца, настаўнік, дырэктар школы, выдатнік народнай асветы) сваё жыццё прысвяціў вывучэнню гісторыі, культуры і традыцый вёскі Зубелевічы і Ляхавіцкага раёна

Успаміны…Яны заўсёды з горка- салодкім прысмакам. Салодка ад дзіцячых успамінаў і горка ад дарослага ўсведамлення таго, што яны больш ніколі не паўтарацца.

З узростам я ўсё часцей і часцей у думках вяртаюся ў дзяцінства, у той час, калі мы ўнукі, праводзілі летнія канікулы ў дзядулі і бабулі ў вёсцы Зубелевічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.


Думаючы аб гэтым часе, я адразу ж успамінаю свежаспечаныя бабуляй аладкі, адчуваю пах скошанай травы, уяўляю вялікую бібліятэку дзеда, яго пішучую машынку, швейную машынку бабулі, розныя тканіны, клубкі пражы, цудоўныя рэчы, звязаныя ўмелым рукамі бабулі, і зноў цешуся незабыўным водарам ліпы познім вечарам.
Нават не ведаю чаму, але  заўсёды параўноўвала свайго дзядулю з вялізнай ліпай, якая расла ў яго двары якраз каля самага дому. Яе пасадзіў яшчэ мой прадзед. Гледзячы на гэтае магутнае дрэва, мне дзіцяці, здавалася, што ліпе больш за сто гадоў.


Я толькі цяпер усвядаміла і зразумела, чаму, думаючы пра дзядулю, адразу ж успамінаю і ліпу. І гэта зусім не таму, што мой дзед яе вельмі любіў і ганарыўся гэтым дрэвам. Не…у дзеда і яго ліпы ёсць шмат агульнага. Іх лёсы быццам цесна перапляліся. Дзядуля нібы зросся з гэтым месцам як і сама ліпа. Абодва  пусцілі свае карані менавіта ў гэтай маленькай вёсцы Зубелевічы, Ляхавіцкага раёна, і з гадамі гэта сувязь з месцам толькі ўзмацнялася. Ліпа ператварылася ў вялізнае магутнае дрэва, карэнні якога пранікалі глыбока ў зямлю, а крона дрэва, як мне здавалася ў дзяцінстве, дасягалі да самага неба. Так і мой дзядуля Васіль Міхайлавіч Сокал (мемуарыст, публіцыст, краязнаўца, настаўнік, дырэктар школы, выдатнік народнай асветы) ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню гісторыі, культуры і традыцый сваёй вёскі і Ляхавіцкага раёна. Усе звесткі, сабраныя па крупінках, увайшлі ў яго летапіс » На хвалях часу», які, на жаль, выйшаў ужо пасля яго смерці.

Дзядуля вельмі любіў пасядзець у цяні пад ліпай, папіць ліпавы чай і проста паразважаць аб жыцці. Ліпа была таксама цэнтрам сустрэч з суседзямі. Пад ёй мы, унукі, арганізоўвалі і праводзілі сапраўдныя дзіцячыя канцэрты. Менавіта пад гэтым дрэвам дзядуля абдумваў артыкулы і сюжэты для свайго летапісу, а затым карпатліва набіраў тэксты на пішучай машынцы. Ліпа была сведкам многіх падзей. Гледзячы на яе, я адчувала моц самога дрэва, яго ўнутраную сілу, менавіта такімі якасцямі валодаў і мой дзед.


Ліпа была для нас яшчэ і выдатным укрыццём ад дажджу. Мы, унуки, хаваліся пад ёй падчас навальніцы. Гэтак и мой дзядуля у любых нават самых складаных абставінах быў надзейным тылам для сваёй сям’і. З такім дзедам мы адчувалі сябе ў поўнай бяспецы.
Час ляцеў, мы сталі дарослымі, усё радзей нам удавалася наведаць дзядулю і бабулю. Аднойчы ў адзін з нашых прыездаў дзед сумна сказаў, што была вельмі моцная навальніца і маланка рассекла дрэва на палавіну. Большую частку ліпы давялося спілаваць. Дрэва паволі і непрыкметна пачало засыхаць. Згасала і жыццё майго дзеда. Гледзячы на тое, што засталося ад ліпы, я мімаволі з журботай падумала, што разам з ёй паціху развітваецца з гэтым месцам і мой дзядуля. На вялікі жаль, роўна праз год яго не стала, ды і ліпа ўся засохла, быццам само дрэва пажадала пайсці разам з сваім гаспадаром.


З узростам нечакана для сябе самой я раптам заўважыла, што ў маёй душы паступова пускае карані ўжо новая ліпа, як быццам насенне той старой дзядулявай ліпы пачало прарастаць у ва мне, нанова напаўняючы сілаю і мудрасцю нашага роду.
І мне вельмі захацелася пасадзіць у сябе ў садзе ліпу на памяць аб дзеду, сваіх каранях і бесклапотным дзяцінстве ў вёсцы.
Алёна Келлер, унучка.