Нельга забыць! У мінулы панядзелак у Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча адкрылі музейную экспазіцыю
Ёсць падзеі, забыць і перапісаць якія нельга, праўда пра якія перадаецца з пакалення ў пакаленне. Да такіх адносіцца ваеннае ліхалецце, якое бязлітасна прайшлося па лёсах беларусаў. Захаванню памяці пра герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны
ў Беларусі надаецца вялікая ўвага.
У мінулы панядзелак у Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча адкрылі музейную экспазіцыю, прысвечаную памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічна, што ўрачыстая цырымонія прайшла ў Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынстваў генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства.
Сярод ганаровых гасцей – пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Экспазіцыя ўмоўна падзелена на некалькі раздзелаў: генацыд на тэрыторыі краіны, Брэстчыны, раёна, матэрыялы расследавання
Генеральнай пракуратуры.
Асобны блок – увекавечванне памяці ахвяр генацыду беларус-
кага народа. На банерах пазначаны мемарыяльныя комплексы, створаныя на месцах масавага знішчэння людзей падчас вайны. Размешчаныя QR-коды пасля сканіравання дапамогуць падрабязна азнаёміцца з інфармацыяй пра кожнае памятнае месца.
У 2021 годзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа, ідзе расследаванне. У Брэсцкай вобласці на падставе паказанняў сведкаў устаноўлены раней невядомыя чатыры месцы масавага знішчэння і пахавання людзей, дзе ў кожным можа знаходзіцца больш за сотню
чалавек…
Факты нацысцкіх злачынстваў вядомы і жарабковіцкім вяскоўцам.
– Летнім вечарам 10 ліпеня 1941 года атрад карнікаў акружыў Жарабковічы. Вяскоўцаў сагналі ў будынак былога сельсавета і запатрабавалі выйсці ўперад усім актывістам. Самай малодшай з іх была 19-гадовая загадчыца мясцовага клуба камсамолка
Кацярына Новік. Юнакоў і дзяўчат пагрузілі ў грузавік і павезлі ў невядомым напрамку… Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944 года 14 актывістаў вёскі Жарабковічы былі перапахаваны ў брацкую магілу на мясцовых могілках, дзе праз нейкі час быў устаноўлены помнік, а ў 2005 годзе на гранітнай пліце выбіты прозвішчы загінулых жыхароў Жарабковічаў, – экскурсію па музейнай экспазіцыі для гасцей і навучэнцаў школы праводзяць дзесяцікласніцы Анастасія Дамашэвіч і Дар’я Войцік разам з настаўніцай гісторыі Святланай Пальчык.
Пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка адзначыў, што
страшныя факты нацысцкіх злачынстваў, зафіксаваныя ў архіўных матэрыялах, выяўляюцца і сёння:
– Расследаванне працягваецца. Знаёмімся з архіўнымі дакументамі і сведчаннямі відавочцаў, прыходзяць і родныя сведкаў. Правяраем кожны факт, любую інфармацыю. Не паддаюцца ніякаму разуменню зверствы фашыстаў. Адкрыццё экспазіцыі – ушанаванне памяці загінулых і матывацыя да далейшага вывучэння гісторыі навучэнцамі, раскрыцця подзвігу як нашых землякоў, так і ўсяго беларускага народа.
Дырэктар школы Святлана Якубоўская падкрэсліла, што музейная экспазіцыя будзе папаўняцца і далей. Чакаюць у школе і навучэнцаў з іншых устаноў адукацыі. Тэматычная экспазіцыя будзе прадстаўлена і бацькам мясцовых школьнікаў.
Начальнік аддзела па адукацыі Марыя Саракавік пажадала школьнікам і далей вывучаць гісторыю роднага краю, Бацькаўшчыны і жыць у мірнай незалежнай краіне.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.