Асцярожна – траўматызм. 15 снежня адзначаецца як Дзень прафілактыкі траўматызму
Штогод у краіне рэгіструецца да 700 тысяч выпадкаў атрымання чалавекам рознага кшталту траўмаў. З мэтай прыцягнуць увагу насельніцтва і палепшыць сітуацыю 15 снежня адзначаецца як Дзень прафілактыкі траўматызму.
Траўматызм насельніцтва з’яўляецца досыць праблемным пытаннем. Яго актуальнасць абумоўлена не толькі медыцынскім, а і сацыяльным, і эканоміка-вытворчым аспектам, паколькі сам факт і наступствы траўмаў нярэдка суправаджаюцца ўстойлівай стратай працаздольнасці, у шэрагу выпадкаў прыводзяць да інваліднасці.
За тлумачэннямі на зададзеную тэму «Ляхавіцкі веснік» звярнуўся да галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыльнай абароне райвыканкама, сакратара раённай камісіі па ахове працы Мікалая Бурбуця.

– Што такое траўма? Пашкоджаннем ці траўмай прынята называць наступствы ўздзеяння на чалавека знешняга фактару. Напрыклад, механічнага, фізічнага, хімічнага, электрычнага і іншых. Згодна са статыстыкай, найбольшую ўдзельную вагу маюць бытавыя пашкоджанні – тыя, што былі атрыманы пры падзенні, уздзеянні агню, нанесеныя жывёламі і іншыя атрыманыя падчас выканання чалавекам дамашніх спраў, на адпачынку, работы на прысядзібным участку, дачы. Такога кшталту траўмы зай-
маюць прыкладна трэцюю частку агульнай колькасці. Вытворчы траўматызм мае значна меншую долю, аднак пашкоджанні, атрыманыя работнікам у ходзе выканання ім сваіх прафесійных абавязкаў, часта маюць больш цяжкія наступствы. Не дзіва, улічваючы той факт, што сучасная вытворчасць – прамысловая, сельскагаспадарчая, будаўнічая – гэта сапраўдны каскад разнастайных механізмаў, якія ў выпадку некарэктных да сябе падыходаў уяўляюць патэнцыяльную небяспеку. Адсюль і абавязковае і жыццёва важнае патрабаванне: пры рабоце з механізмамі, на вышыні,у сітуацыях, звязаных з электратокам, і іншых падобных праяўляць максімальную пільнасць, ні на імгненне
не губляць увагу, самакантроль, быць заўсёды «над сітуацыяй». І, канешне ж, заўсёды памятаць аб патрабаваннях аховы працы і
асабліва тэхнікі бяспекі, – катэгарычна заяўляе Мікалай Бурбуць.
І называе лічбы: па стане на 9 снежня, у арганізацыях Ляхавіцкага раёна зарэгістравана дзевяць няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Для параўнання: аналагічны леташні «зрэз» быў у тры разы меншым. Сёлетні негатыў яшчэ і ў тым, што адзін з выпадкаў траўмавання чалавека на вытворчасці меў лятальныя, а два – цяжкія наступствы.
Прычынамі няшчасныхвыпадкаў на рабоце ў чатырох выпадках сталі парушэнні самімі пацярпелымі патрабаванняў інструкцыі па ахове працы. Тры здарэнні адбыліся з-за невыканання адказнымі асобамі абавязкаў па ахове працы. Сярод прычын траўматызму таксама значыцца асабістая неасцярожнасць пацярпелага, аварыйны рэжым работы аўтамабільнага электраабсталявання і некаторае іншае.
«Нецвярозых» няшчасных здарэнняў на вытворчасці Ляхавіччыны за больш як 11 сёлетніх месяцаў не адзначана.
Стан аховы працы і выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі ў арганізацыях Ляхавіччыны пастаянна маніторыць спецыяльна створаная раённая мабільная група.
– За студзень – лістапад 2024 года мабільнай групай было праведзена 109 рэйдаў па прадпрыемствах АПК, прамысловых і суб’ектах малога прадпрымальніцтва. У ходзе рэйдаў было выяўлена амаль 1 100 фактаў парушэння патрабаванняў бяспекі. А любая, здавалася б, самая дробязная неадпаведнасць нормам АП і ТБ на вытворчасці прама ці ўскосна правакуе нанясенне работнікам зусім нядробязнай шкоды здароўю. У той жа час, як паказвае аналіз выяўленых парушэнняў, на іх выпраўленне-выкараненне і недапушчэнне ў будучай рабоце не патрабуецца значных грашовых выдаткаў. Усё, што неабходна, – ажыццяўленне штодзённага кантролю з боку наймальнікаў за выкананнем патрабаванняў па ахове працы іх жа работнікамі, следаванне адказнымі асобамі сваім штатным абавязкам. Навучыць, забяспечыць усім неабходным, ажыццяўляць цесны кантроль за выкананнем «здаровых правілаў» на вытворчасці – толькі так можна мінімізаваць колькасць выпадкаў атрымання вытворчых траўмаў, – падсумоўвае размову Мікалай Бурбуць.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.