Сіла «Марафона». 13-14 снежня Баранавічы сталі сталіцай беларускага адзінства, стваральнасці, гонару
І зноў Брэстчына стала прыпынкам феерычнага «Марафону адзінства». Гэта свята з нецярпеннем чакалі і ярка сустрэлі ў Баранавічах. Ляхавічане прэзентавалі сябе і на пляцоўцы каля Лядовага палаца, і на галоўнай сцэне марафону.
А яшчэ сталі актыўнымі ўдзельнікамі гэтай падзеі. Сустракай, Брэст! «Марафон адзінства» ўжо на пад’ездзе!
Бачыць шчаслівыя вочы беларусаў, шчырыя ўсмешкі дзетак, адчуваць гонар ад кожнай экспазіцыі агульнай выставы беларускіх дасягненняў –гэта ўсё пра «Марафон адзінства». Пашчасціла Баранавічам стаць часткай гэтага вялікага свята, а нам, ляхавічанам, далучыцца да ўдзелу. Напярэдадні і непасрэдна ў дзень сустрэчы марафону горад поўніўся шматлікімі сустрэчамі, аўтарытэтныя спікеры збіралі зацікаўленыя аўдыторыі, а канцэрт ярка зафіналіў свята творчага адзінства.
Ляхавіччына гасцей свята на плошчы каля Лядовага палаца сустракала ярка, звонка і годна. У павільёне сабралі ўсё тое, чым ганарыцца наша зямля, – ад дасягненняў у вытворчасці, спорце і культуры да турыстычнай прыцягальнасці краю. На дэгустацыю запрашалі кансервавы і малочны заводы. А на што здольна ляхавіцкае ЖКГ не толькі ў кантэксце сваёй спецыфікі працы прадэманстравалі шматлікія майстар-класы па выпечцы бліноў з рознай начынкай, гатавалі і вялікую патэльню з яйкамі, смажылі мяса. І, канешне, частавалі гасцей свята.
– Брава арганізатарам свята! Здаецца, у суботу былі задзейнічаны ўсе і ўсё. Як толькі трапілі на пляцоўку, адразу сталі часткай вялікай падзеі. Кожная выстава раёна ці канкрэтнага прадпрыемства – гэта свая гісторыя. Гонар за нашых. Здаецца, ляхавічане былі самымі-самымі: творча запрашала наша «Вечарніца», нагатавалі смачнасцяў, а як сябе прэзентавалі нашы прадпрыемствы – гонар! Людзі падыходзілі, цікавіліся, фатаграфавалі – прыемна. Беларусы – людзі, якія накіраваны на стваральнасць, на захаванне традыцый. У гэтым мы адзіныя. Канцэрт – гэта ўвогуле ў самае сэрца. Гэта не проста
пра творчасць. Гэта пра асэнсаванасць да кожнага
радка, сэнс адчуваўся ў кожным руху танцораў. Гучалі нашы мелодыі, што з дзяцінства туляцца ў сэрцах беларусаў. Нашы «Песняры» –
гэта адназначна брэнд! А на што здольна сучасная эстрада – хіт за хітом.
Канешне, адчувалі асаблівую еднасць, калі на сцэне з’явіўся наш зямляк Андрэй Цямчык. Такія святы нам патрэбны – мы абавязаны ведаць сваё, берагчы гэта і, канешне, ганарыцца, – падзялілася ўражаннямі педагог-арганізатар Навасёлкаўскай СШ імя Г. Ф. Нагорнага Кацярына Палош.
– Заўжды праглядала навіны пра падзеі і гарады, куды ўжо трапіў «Марафон адзінства». І, канешне, не магла прапусціць, калі свята завітала ў суседнія Баранавічы. Суботні дзень беларусы правялі ў атмасферы шчырага адзінства і гонару за краіну, якую будуем разам.
Пляцоўка каля Лядовага палаца ператварылася ў арэну нашых дасягненняў, толькі імправізаваная бітва ішла за інтарэсы гасцей свята.
Кожны рэгіён прадставіў сваё лепшае. Брэстчына ўмее здзіўляць: тут табе і 30-кілаграмовыя карпы з Бярозы, і лазні з Ганцавіччыны.
Канешне, шчырыя ляхавічане магнітам прыцягвалі земля-
коў на сваю лакацыю: тут танцы і песні, і смаката ад камунгаса і райпо, ёсць чым здзівіць у розных галінах. Якой папулярнасцю карысталася ляхавіцкая выстава саламяных вырабаў і вышытых сувеніраў ад уладальнікаў ганаровага звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Традыцыі продкаў мы ўплятаем у сучаснасць. Тым і моцныя. Адчувалася, што беларусы адпачываюць і душой, і сэрцам, свята яны заслужылі стваральнай руплівай працай. Час ляцеў незаўважна, здавалася, што лакацыі ад прадпрыемстваў, інтэр-
актывы з моладдзю, гульні з дзеткамі не скончацца.Заканчвалася адно, пачыналася некая новая феерыя.
Тут і актывісты БРСМ, і партыйцы «Белай Русі», і члены БСЖ… – тут усе мы. Шчаслівыя беларусы! Вось што трэба бачыць нашым дзецям – стваральны сюжэт нашай краіны, і ганарыцца тым, што ў свой выхадны мы адпачываем і атрымліваем асалоду ад такой шыкоўнай імпрэзы. Які канцэрт, якія песні, а словы кранаюць да слёз. Яшчэ доўга знаходзілася ў гэтай эйфарыі свята. Таму раю кожнаму, калі ў вашым горадзе ці ў суседнім гасціць «Марафон адзінства», абавязкова далучыцеся да гэтага свята, – расказала дырэктар ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Рыта Пракуда.
Далей «Марафон адзінства» сустрэне наш абласны цэнтр.
– Брэст чакае гэты цудоўны марафон. Ідзе сур’ёзная падрыхтоўка.
Кожны раз канцэрты, якія праходзяць у розных гарадах, адрозніваюцца. Адкрываем новыя таленты, – адзначыў падчас свята старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА