У Ліпску адкрылася малочная крыніца

У сакавіку 2023 года ў Ліпску запрацаваў першы новы жывёлагадоўчы аб’ект. А, пачынаючы з сёлетняга жніўня, паспяховую вытворчую кампанію першаму склаў аб’ект пад нумарам два. Так і працуюць поруч МТК «Ферма 1» і «Ферма 2». Дзеляць тэрыторыю колішняй Ліпскай МТФ. Калі і не падсабляюць адзін другому, то, і гэта абсалютна дакладна, не ўзнікае і намёкаў на канкурэнцыю. Яно і зразумела, працуюць на агульны «кацёл» – СУП «Ліпнянка».

З прыходам на ліпска-свяціцка-востраўскія землі інвестара ў асобе сялянскай фермерскай гаспадаркі «Вопыт КАА» актывізавалася жыццё на гэтых тэрыторыях. У першую чаргу, вытворчае, але не толькі. Найбольш важкая карта «выпала» цэнтральнаму аграгарадку.
Да прыходу ў Ліпск СФГ мясцовая ферма не ўяўляла сабой нічога цікавага. Ні ў плане вытворчых паказчыкаў, ні з пазіцый патэнцыялу жывёлы, якая тут утрымлівалася, ні ў дачыненні прывабнасці размешчаных тут жывёлагадоўчых будынкаў. Стомленыя часам, нетэхналагічныя, яны прадуцыравалі хіба што сумны
настрой.


За два гады змянілася калі не ўсё, то вельмі многае і кардынальна. Знешняй дамінантай сённяшніх Ліпскіх МТК «Ферма 1» і «Ферма 2»
СУП «Ліпнянка» з’яўляюцца чырвоныя фасады новапабудаваных ці рэканструяваных старых жывёлагадоўчых аб’ектаў. А галоўнае ў тым, што за прыгожым фасадам адкрываецца высокая ў сваёй прадукцыйнасці работа мясцовых жывёлаводаў. Так, у адпаведнасці са статыстычнымі данымі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, за 11 сёлетніх месяцаў удой сярэдняй каровы па СУП «Ліпнянка» склаў больш за шэсць тысяч кілаграмаў малака. Лепшым вынікам могуць пахваліцца толькі два сельгаспрадпрыемствы раёна: СВК «Ляхавіцкі» і ЗАТ «Белпрампрыбор». Неабходна памятаць,
што СУП «Ліпнянка» – гэта не толькі Ліпскія таварныя комплексы, але і, напрыклад, Востраўская ферма, да якой інвестыцыйная праграма не дайшла ці дайшла ў значна меншай ступені.
Важным, безумоўна, з’яўляецца і той факт, што 99,6–99,8, а нядаўна і ўсе 100 працэнтаў тутэйшага малака прадаецца «экстрай» ці вышэйшым гатункам. Забяспечыць падобную якасць сваёй прадукцыі ў стане далёка не ўсе малочныя комплексы і фермы Ляхавіччыны.
– Па завяршэнні года плануем выйсці па Ліпску на лічбу сярэдняй удойнасці 7 800 кілаграмаў малака. Гэта добрае малако, асабліва, калі памятаць аб тым, з якой лічбы мы пачыналі, – гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Брокар.
Новы адлік для МТК «Ферма 2» пачаўся ў першы дзень жніўня. Дню нараджэння папярэднічалі істотныя інвестыцыйныя ўкладанні,
многія тыдні і значныя аб’ёмы праведзеных будаўнічых работ.
– Грошы на новае будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў другой
чаргі Ліпскай малочнатаварнай фермы прадастаўлены інвеста-
рам у асобе СФГ «Вопыт КАА». Плюс 1,5-мільённы крэдыт ад СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», які пушчаны на набыццё цялушак, купілі ў Еўропе 272 галавы буйной рагатай жывёлы. Гэта вельмі выгаднае для нас фінансавае пагадненне, – тлумачыць кіраўнік СУП «Ліпнянка».
Комплекс «Ферма 2» складаецца з пабудаванага з нуля кароўніка на 250 месцаў для свабоднавыгульнага ўтрымання жывёлы, рэканструяваных у сучасных тэндэнцыях памяшканняў старой фермы. У тым ліку – цялятніка колішняга ўзору, які, у тым ліку, выкарыстоўваецца пад прафілакторый для тэхналагічнага ўтрымання маладняку БРЖ. Глыбокую рэканструкцыю атрымала памяшканне пад уладкаванне даільна-малочнага блока. Так, на другой ферме ён цяпер свой. Высокатэхналагічны, чысты, дастаткова ўтульны і функцыянальны.
На ферму мы трапілі пасля завяршэння ранішняга даення. Аператары даільнай залы наводзілі на сваім рабочым участку парадак.
Службовы пакой брыгадзіра МТК «Ферма 2» знаходзіцца ў літаральным сэнсе на вышыні даільна-малочнай залы, і
Марына Буйкевіч мае магчымасць маніторыць і кіраваць працэсам, не толькі абапіраючыся на даныя камп’ютара.
– У яшчэ тую «Ліпнянку» я трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Займала шэраг пасад, у тым ліку, загадвала і малочнатаварнай фермай. З часам абставіны вымусілі развітацца з аграрнай справай. 13 верасня 2023 года стала датай майго вяртання ў СУП «Ліпнянка». Сёння побач працуюць адказныя людзі, якія заўсёды гатовы падмяніць-падказаць, у складаны момант не адмовяць у падтрымцы.
На ферме працаўладкаваны даяркі, цялятніцы, жывёлаводы, падсобныя работнікі. Не толькі жыхары аграгарадка Ліпск. За заработкам да нас едуць жыхары Крывошына, Шчэрбава, Малышоў, ёсць нават работнік з вёскі Альхоўцы. Аргументам на карысць працы ў Ліпску з’яўляюцца добрыя заробкі і адносіны, пануючая на аб’екце спрыяльная атмасфера, належныя санітарна-бытавыя ўмовы. Прыняць душ, скарыстацца халадзільнікам ці пральнай машынай – калі ласка. У нас з мужам, які працуе на прадпрыемстве механізатарам, ёсць сваё жыллё ў раённым цэнтры. Быў час, марылі і будавалі планы на пераезд у горад. Але навошта нешта мяняць, калі і ў СУП «Ліпнянка» ўсё добра, задавальняе і работа, і заробкі, і іншае патрэбнае, – ставіць кропку ў размове Марына Буйкевіч.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.