Юбілей пад знакам святла. Сёння Ляхавіцкі РЭС – гарант энергетычнай бяспекі Ляхавіччыны

2024 год для Ляхавіцкага раёна электрасетак асаблівы – юбілейны. Шэсць дзесяцігоддзяў назад быў створаны РЭС. З 1964 па 2024 год работнікі арганізацыі праклалі тысячы кіламетраў ліній электраперадачы, пабудавалі сотні трансфарматарных падстанцый, пашырылі высакавольтныя і размеркавальныя сеткі і штодзень клапоцяцца пра бесперабойную падачу электраэнергіі ў горад і сельскія населеныя пункты, на прамысловыя прадпрыемствы і ў сацыяльныя ўстановы, жыллёвы сектар.

Сяргей ФІНЮЦІН, галоўны інжынер Ляхавіцкага РЭС:
– Электрыфікацыя – адна з галоўных умоў росту эканомікі. Наш калектыў ганарыцца тым, што на працягу 60 гадоў забяспечвае бесперабойную падачу электраэнергіі. Зроблена сапраўды нямала. Пабудавана літаральна з нуля энергетычная база Ляхавіцкага раёна, што, у сваю чаргу, забяспечыла паспяховую работу прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, будаўніцтва ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, аб’ектаў культуры, а таксама жылых дамоў у горадзе і сельскай мясцовасці. Грунтоўная база закладзена дзякуючы самаадданай працы і прафесіяналізму ветэранаў прадпрыемства – кіраўнікоў, інжынераў, электраманцёраў. Адданасць справе кожнага, работа, іншы раз у складаных умовах, праклалі шлях электрычнасці ў самыя аддаленыя вёскі і хутары Ляхавіччыны. З гонарам скажу, у Ляхавіцкім РЭС я прайшоў школу загартоўкі і прафесійнага станаўлення. Пачынаў у 2005 годзе з электраманцёра, а з 2008 года працую галоўным інжынерам. У нас зладжаны, высокаматываваны і надзейны калектыў, дзе ў пашане прафесіяналізм вопытных работнікаў і энергія маладых. Менавіта таму паспяхова вырашаем пастаўленыя задачы. Вялікі дзякуй кожнаму, хто працаваў і працуе ў Ляхавіцкім РЭС, за працу.

Летапіс даўжынёй у шэсць дзесяцігоддзяў
За 60 гадоў пройдзены вялікі шлях, пераадолена нямала цяжкасцей, адчувальныя і шматлікія дасягненні. І сёння Ляхавіцкі РЭС у складзе філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» – гарант энергетычнай бяспекі Ляхавіччыны. І гэта вынік стваральнай добрасумленнай працы многіх пакаленняў работнікаў прадпрыемства, ветэранаў працы, якія зараз на заслужаным адпачынку, і тых, хто сёння плённа працуе ў РЭС. Яны – аўтары летапісу электрыфікацыі нашага раёна. Перагарнём некаторыя з яго старонак з дапамогай кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён».
«У 1956 годзе ў Ляхавічах была здадзена ў эксплуатацыю падстанцыя на 180 кВт, праз год яе магутнасць патроілася, што дазволіла поўнасцю электрыфікаваць горад і бліжэйшыя калгасы…».
«…У 1967 годзе была завершана электрыфікацыя ўсіх населеных пунктаў».


З артыкула «Электрыфікуецца вёска» (газета «Будаўнік камунізму» за 12.02.1959): «…Адна за другой сталі асвятляцца лямпачкамі Ільіча беларускія вёскі. Як вялікага свята чакалі гэтага дня і жыхары вёскі Зарытава. І вось такі дзень настаў. На новых вуліцах вёскі загарэліся электрычныя лямпачкі».
Калектыў РЭС узначальвалі ў розныя часы Мікалай Несцярчук, Яўгеній Плаўскі, Іван Жук, Віталій Баляйчук, Мікалай Траяновіч, Леанід Зелянеўскі, Віктар Станкевіч. Сёння на чале арганізацыі малады кіраўнік Дзмітрый Шашнін. Гонар і пашана ветэранам працы, якія на працягу дзесяцігоддзяў умацоўвалі энергетычны патэнцыял раёна. Сярод іх – Аляксандр Грыц, Вікенцій Чайко, Валянціна Плаўская, Раман Байрашэўскі, Іван Радкевіч, Антон Пятроўскі, Міхаіл Жук, Валерый Маслюк, Васілій Асос, Аляксандр Бузук, Валерый Касцюк, Міхаіл Тарлюк, Леанід Макарэвіч, Людміла Траяновіч.

Зроблена ў 2024-м
Юбілейны 2024 год калектыў Ляхавіцкага РЭС прыгожа аздобіў новымі працоўнымі дасягненнямі. Сёлета пачалася рэалізацыя праекта «Укараненне ўніверсальна-інфармацыйнай платформы са зменным наборам дадаткаў для цэнтраў кіравання электраэнергетыкі розных узроўняў». У межах выкарыстання электраэнергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння выканана рэканструкцыя электрычных сетак і падстанцый у вёсках Зарэчча, Кулікі, пачата рэканструкцыя ў Турках, Грушаўцы, Ціткаўшчыне. На 2025 год аналагічныя работы запланавана правесці ў Зарытаве, Краглях, Крывошыне. Для павышэння надзейнасці электрасетак 0,4–10 кВ за апошнія пяць гадоў заменена 102 КТП на больш сучасныя МТП. Мэтанакіравана ўкараняецца новае высокаэфектыўнае абсталяванне. За бягучы год заменена 2 230 прыбораў уліку электраэнергіі ў юрыдычных асоб і бытавых спажыўцоў. Праводзіцца мантаж аўтаматызаваных сістэм кантролю і ўліку электраэнергіі бытавых спажыўцоў, у якія ўключаюцца прыборы ўліку. Па стане на 1 снежня 2024 года, у Ляхавіцкім раёне дзейнічае 143 АСКУЭ, якія аб’ядналі ў сабе 10 432 электралічыльнікі.
Таксама сёлета заменена 991 свяцільня на святлодыёдныя, усяго на 2022–2025 гады запланавана замена 2 102 свяцільняў. З мэтай выканання праграмы ўстаноўкі ўстройстваў дыстанцыйнага здыму паказанняў прыбору ўліку і кіравання вулічным асвятленнем у гэтым годзе ўстаноўлена 71 шафа кіравання.

Адказныя за падачу электраэнергіі

Сёння калектыў Ляхавіцкага РЭС – гэта 73 чалавекі, задзейнічаныя ў розных падраздзяленнях і службах.
Мозг арганізацыі – гэта пра дыспетчарскую службу. Работу дыспетчараў, аператыўна-выязных брыгад, а таксама машыністаў міні-ГЭС на рацэ Шчары плануе, курыруе і кантралюе начальнік РДС Дзмітрый Максімчык. Паспяхова нясуць вахту каля галоўнага шчыта кваліфікаваныя дыспетчары, якія хутка прымаюць рашэнні і аддаюць неабходныя распараджэнні, каардынуюць работу брыгад
па аднаўленні электразабеспячэння раёна пасля разгулу стыхіі. А электраманцёры аператыўна-выязных брыгад першымі прыязджаюць на месца пашкоджання ці аварый на лініі электраперадачы, у якой бы кропцы раёна ні адбылося надзвычайнае
здарэнне, і ў любы час сутак пры самым неспрыяльным надвор’і хутка ўхіляюць пашкоджанні. Сярод лепшых Дзмітрый Максімчык называе дыспетчара Ігара Арцюшкевіча і электраманцёра Аляксандра Ціцікшу.
У адказе за эксплуатацыю паветраных ліній электраперадачы ў РЭС – пяць лінейных брыгад, у тым ліку і самая далёкая – Востраўскі ўчастак, у зоне іх абслугоўвання сотні кіламетраў высакавольтных і нізкавольных ліній. Па графіку вядуцца планавыя агляды і рамонты. Брыгаду ўзначальваюць знаўцы энергетычнай справы, майстры, вопытныя Валерый Калацкі і Вадзім Абіеў, не саступаюць ім і маладыя калегі Іван Асос, Мікалай Кісель, Юрый Анікей. Бадай агульная для кожнага з майстроў акалічнасць – яны стварылі вакол сябе сапраўдную каманду, у якой у аснове – узаемадапамога і падтрымка.

Кожная брыгада ў адказе за свой участак работ. У апошнія некалькі гадоў брыгады РЭС інтэнсіўна рэканструююць размеркавальныя сеткі, ідзе замена звычайных правадоў на ізаляваныя, што істотна павышае даўгавечнасць ліній і, у сваю чаргу, забяспечвае надзейнасць паставак электраэнергіі. Тон у рабоце задаюць электраманцёры па эксплуатацыі размеркавальных сетак Сяргей Шалік, Сяргей Таранда, Арцём Станкевіч, Віталій Зелянко, Юрый Зазуля. Дарэчы, сёлета брыгада майстра Валерыя Калацкага дапамагала ў ліквідацыі наступстваў стыхіі, якая бушавала ў Мазырскім раёне. Таксама на аб’ектах Мазырскага РЭС працаваў электраманцёр Сяргей Шалік, была задзейнічана перасоўная
дызельная электрастанцыя. Служба механізацыі і транспарту (кіруе гэтым адказным участкам Аляксандр Гурыновіч) у адказе як за стан тэхнікі, так і за тое, каб яна ў спраўным выглядзе выязджала на аб’екты. Каторы год майстар-клас паказвае машыніст аўтагідрапад’ёмніка Леанід Юруць.
11 гадоў, як у Ляхавічах дзейнічае разлікова-кансультацыйны цэнтр, у якім прыём вядуць вопытныя спецыялісты: кансультуюць абанентаў, тлумачаць пытанні па аплаце электраэнергіі, вырашаюць спрэчныя пытанні. Намеснік начальніка РЭС Іван Бурбуць,
які курыруе службу збыту, адзначае паспяховую работу
кантралёраў РКЦ Наталлі Шарапа і Жанны Зелянеўскай. Сёлета падрыхтаваны дакументы на 305 тэхнічных умоў (з іх 214 на электра-
ацяпленне і падачу гарачай вады) на падключэнне электраўстановак у дамы жыхароў раёна, 187 з іх падключаны ўжо да
 лектрасетак. У гэтым і заслуга інжынера «аднаго акна» Рыты Асецкай і яе каманды.
Вось з такімі працоўнымі дасягненнямі калектыў Ляхавіцкага РЭС сустракае чарговы раз 22 снежня. Менавіта ў гэты дзень у Беларусі адзначаецца прафесійнае свята – Дзень энергетыка.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.