Запрашэнне стаць бацькамі. У Ляхавічах у дзіцячы дом сямейнага тыпу патрабуюцца бацькі

Дзіця мае права расці ў любячай сям’і ў атмасферы клопату і разумення. Але бывае і так, што жыццё не шкадуе дзяцей: страта бацькоў, іх абыякавасць, а часам і жорсткае абыходжанне ў роднай сям’і…

У нашай краіне надаецца вялікая ўвага развіццю розных формаў уладкаванняў дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сярод такіх і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе любоў і ўвагу дарослых могуць знайсці ад пяці да дзесяці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Абавязкі па выхаванні дзяцей у такіх дамах выконваюць муж і жонка або асобныя грамадзяне на падставе заключанага дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей, а таксама працоўнага дагавора. Яны з’яўляюцца педагагічнымі работнікамі аддзела па адукацыі райвыканкама і, па сутнасці, становяцца бацькамі хлопчыкаў і дзяўчынак.
Хто можа прэтэндаваць на пасаду бацькоў-выхавальнікаў? Дзеяздольныя грамадзяне ва ўзросце ад 35 гадоў і старэйшыя, якія маюць станоўчы вопыт выхавання дзяцей. Перавага аддаецца асобам з педагагічнай ці медыцынскай адукацыяй, аднак даная ўмова не з’яўляецца абавязковай. Час працы бацькам-выхавальнікам залічваецца ў агульны працоўны стаж, што гарантуе права на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і пенсійнае забеспячэнне. Акрамя заработнай платы, бацьку-выхавальніку прадастаўляецца працоўны водпуск тэрмінам на 56 дзён, таксама дзяржава штомесяц выплачвае грашовыя сродкі на ўтрыманне дзяцей. Такім чынам, сям’я знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні.
На Ляхавіччыне сёння працуе тры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Адзін з іх расчыніў дзверы літаральна днямі для пяці дзяцей. Дом абсталяваны неабходнай мэбляй і бытавымі прыборамі і з’яўляецца службовым жыллём, а камунальныя паслугі аплачвае аддзел па адукацыі райвыканкама.
Сёння ў Ляхавічах маюцца вакансіі бацькоў-выхавальнікаў для працы ў адным з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
Аддзел па адукацыі прапануе дастойную аплату, прафесійную падтрымку кваліфікаваных спецыялістаў, псіхолагаў і педагогаў і, канешне, дапамогу ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў. Вы можаце падарыць часцінку свайго сэрца дзецям, якія засталіся без бацькоўскай увагі.
Святлана ГАЛЕЕЎСКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама.