Экалагічны навагодні падарунак. Напярэдадні новага 2025 года ляхавічане атрымаюць цудоўны экалагічны падарунак, пра які даўно марылі, – рэканструяваныя ачышчальныя збудаванні

– Сёлета 31 ліпеня пачаліся маштабныя работы на аб’екце «Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у Ляхавічах». Заказчыкам работ з’яўляецца КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Па выніках тэндара генеральным падрадчыкам выбраны «Брэствадбуд», асноўны субпадрадчык – ТАА «АМІС-Тэхна», таксама сярод субпадрадчыкаў ПМК-13, Ляхавіцкі камунгас. На 31 снежня гэтага года запланавана здача аб’екта. Яшчэ некалькі тыдняў будуць
весціся пусканаладачныя работы. Канешне, увядзенне рэканструяваных ачышчальных збудаванняў у эксплуатацыю – гэта істотны крок да паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў Ляхавічах і наваколлі.
Пасля рэканструкцыі, устаноўкі новага абсталявання, замены труб палепшыцца якасць ачысткі сцёкаў, знікне і непрыемны пах, –
тлумачыць сітуацыю намеснік старшыні райвыканкама
Аляксей Галяк.
Пытанне рэканструкцыі гарадскіх ачышчальных збудаванняў, пабудаваных у 2005 годзе, паўстала даўно, неаднойчы ўздымалася на самых розных узроўнях, прамых лініях і прыёмах. У рэшце рэшт, выйсце было знойдзена. Асноўную частку фінансавання (больш за 12 мільёнаў рублёў) пракрэдытаваў Банк развіцця, яшчэ 5 мільёнаў – сродкі абласнога бюджэту. Зразумела важнасць такога аб’екта, таму работы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў знаходзяцца пад пастаянным кантролем не толькі раённай улады. Штотыднёва па серадах у рэжыме відэаканферэнцыі праходзіць пасяджэнне штаба па ўводзе аб’екта «Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці». Генпадрадчык і падрадчыкі па кожнай пазіцыі (а іх каля чатырох дзясяткаў) трымаюць справаздачу перад генеральным дырэктарам БАУП «Упраўленне ЖКГ» Аляксандрам Максімчуком. Размова заўжды канкрэтная і дэталёвая. Узніклыя пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку. Дарэчы, кіраўнік абласнога ўпраўлення ЖКГ неаднойчы прыязджаў і непасрэдна на месцы інспектаваў ход рэканструкцыі. Аляксандр Максімчук у якасці сенатара прадстаўляе горад Баранавічы, Баранавіцкі, Ляхавіцкі раёны ў Савеце Рэспублікі і з’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Сенатар з моманту свайго абрання ўжо неаднойчы з рабочымі візітамі пабываў на Ляхавіччыне. Падчас размовы з карэспандэнтам «ЛВ» у верасні 2024 года сярод найбольш істотных аб’ектаў, узвядзенне якіх важна для кожнага жыхара Ляхавіччыны, назваў менавіта абноўленыя ачышчальныя збудаванні.
– Стараемся прытрымлівацца графіка, пры гэтым асаблівая ўвага – на якасць выконваемых работ. Спачатку правялі неабходныя інжынерныя сеткі, потым будаўніцтва і паралельна ўстаноўка і мантаж абсталявання. Ніякіх праблем з недахопам будаўнічых матэрыялаў ці несвоечасовай пастаўкай абсталявання не было, – адзначае дырэктар ТАА «АМІС-Тэхна» Леанід Мышкавец.
Сёння тэрыторыю ачышчальных збудаванняў не пазнаць. Замест некалькіх будынкаў за даволі кароткі час вырас цэлы гарадок. Дарэчы, работа гэтага аб’екта не спынялася падчас рэканструкцыі.
– Гэта даволі значны і вялікі праект. Рэканструяваны ачышчальныя збудаванні і трансфарматарная падстанцыя. Узведзены шэраг новых збудаванняў. Сярод якіх будынак фільтравання даачышчаных сцёкаў; збудаванне абязводжвання асадку; збудаванне рашотак і пескаловак. Пракладзены дадатковыя сеткі электразабеспячэння, пабудаваны напорны калектар ад КПС-5. Устаноўлены кампрэсарныя агрэгаты. Шмат новага абсталявання, у тым ліку абноўкі і для лабараторыі, дзе праводзяцца разнастайныя аналізы сцёкавых водаў.
Неабходна выконваць галоўнае патрабаванне эколагаў – вада на выхадзе павінна адпавядаць асноўным нарматывам. Як толькі завяршаліся будаўніча-рэканструкцыйныя работы, пачалі добраўпарадкаваць тэрыторыю. Акрамя рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у аб’ект уваходзяць і пяць новых каналізацыйна-помпавых станцый, якія ўжо ўведзены ў эксплуатацыю, – расказвае дырэктар Ляхавіцкага камун-
гаса Андрэй Чайкоўскі.
Нельга не ўзгадаць, што ў хуткім часе будуць уведзены
ў эксплуатацыю і лакальныя ачышчальныя збудаванні
СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.