Фінаддзел правёў праверку. Што выяўлена
За 2024 год фінансавым аддзелам райвыканкама праведзена тры планавыя праверкі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (Ганчароўскі, Альхоўскі і Конькаўскі сельвыканкамы).
У рамках ажыццяўлення папярэдняга і бягучага кантролю за выкананнем бюджэтнага заканадаўства праведзена шэсць аналізаў па розных пытаннях дзейнасці бюджэтных арганізацый і арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі з раённага бюджэту, і праверка захавання рэжыму рабочага часу работнікамі ўстаноў культуры Ляхавіцкага раёна. Акрамя таго, на падставе адпаведных даручэнняў намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама, распараджэнняў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама праведзены аналізы фінансава-гаспадарчай дзейнасці дзяржаўнай установы «Ляхавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» і ААТ «Жарабковічы». Таксама праведзена камеральная праверка па пытанні выканання заканадаўства пры складанні, разглядзе і зацвярджэнні бюджэтных каштарысаў, а таксама ўнясенні ў іх змяненняў у 2024 годзе ў частцы расходаў на рэалізацыю адукацыйных праграм для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Вынікі кантрольных мерапрыемстваў паказалі, што ў цэлым распарадчыкамі і атрымальнікамі бюджэтных сродкаў прымаюцца меры па выкананні бюджэтнага заканадаўства, эфектыўным выкарыстанні сродкаў, аднак выяўлены шэраг некаторых парушэнняў. У правераных сельвыканкамах устаноўлена выкарыс-
танне сродкаў бюджэту з парушэннем бюджэтнага заканадаўства на агульную суму 1 526,29 рубля.
У ААТ «Жарабковічы» выяўлена нямэтавае выкарыстанне сродкаў бюджэту ў суме 6 516 рублёў.
У агульнай суме выкарыстання сродкаў бюджэту з парушэннем бюджэтнага заканадаўства залішняя аплата працы з улікам абавязковых узносаў склала 1 064,23 рубля або 69,7 працэнта ў агульнай суме парушэнняў, іншыя (аплата расходаў не па ўстаноўленай бюджэтнай класіфікацыі) – 455,82 рубля (29,9 працэнта).
Асноўнымі прычынамі, па якіх суб’ектамі дапускаюцца парушэнні, з’яўляюцца няведанне нарматыўных дакументаў, недастатковы кантроль за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўнай маёмасці.
Па выніках праведзеных праверак сумы парушэнняў бюджэтнага заканадаўства вернуты ў адпаведныя бюджэты. Акрамя таго, па выніках праверак дадаткова паступіла належных бюджэту працэнтаў і пеняў у суме 931,23 рубля, прадухілена незаконнае атрыманне, выкарыстанне не па мэтавым прызначэнні або з парушэннем бюджэтнага заканадаўства сродкаў бюджэту ў суме 20 120,6 рубля,
адна асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.
За 2024 год фінансавым аддзелам двойчы накіроўваліся пісьмы аб выяўленых парушэннях бюджэтнага заканадаўства ў Брэсцкай вобласці, у Рэспубліцы Беларусь у адрас дзевяці бюджэтных устаноў, праведзена тры семінары-нарады з работнікамі эканамічнай і бухгалтарскай службаў бюджэтных устаноў.
Фінансавы аддзел райвыканкама.