Тэхнаёлка і віртуальныя мадэлі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з аб’яднання па інтарэсах «Робаарт» ЦДАДіМ атрымалі тэхнічны падарунак

Напярэдадні Новага года хлопчыкі і дзяўчынкі з аб’яднання па інтарэсах «Робаарт» цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі атрымалі тэхнічны падарунак – шэсць набораў канструктараў трэцяга пакалення LEGO Mindstorms EV3. Сродкі на яго набыццё выдаткаваны з раённага бюджэту. Суперабноўка выклікала павышаны інтарэс і яркія эмоцыі. І ёсць ад чаго! У камплекце – праграмуемы інтэлектуальны блок-модуль EV3, абноўленыя датчыкі і маторы.

– Сучасныя дзеці з інфармацыйнымі тэхналогіямі на «ты». І робаты сёння – рэальнасць, у якой прысутнічаюць разумныя дамы, разнастайныя гаджэты і «Аліса». LEGO Mindstorms Education EV3 – гэта канструктарскі набор праграмуемай робататэхнікі, які дае магчымасць ствараць і кіраваць уласнымі робатамі. Кожны набор уключае 601 дэталь, з якіх пачаткоўцы змогуць збіраць робататэхнічныя вырабы з пашыранымі тэхнічнымі магчымасцямі. Падарунак вельмі каштоўны для нас і, упэўнены, дапаможа нашым выхаванцам у прафесійным вызначэнні, – дзеліцца педагог дадатковай адукацыі ЦДАДіМ Аляксандр Стэцко.
Сёння хлопчыкі і дзяўчынкі разам са сваім педагогам пакуль яшчэ знаёмяцца з навінкай і працягваюць працаваць з ранейшымі наборамі канструктараў.
У ЦДАДіМ «Робаарт» працуе шосты год, гэта аб’яднанне наведваюць 12 хлопчыкаў і дзяўчынак пачатковых класаў. Кожны з навучэнцаў з захапленнем расказвае, якія цацкі і мадэлі ён ужо канструяваў. Усе яны прыводзяцца ў рух шляхам праграмавання. Юныя ляхавічане мадэлююць сельскагаспадарчую і ваенную тэхніку, розныя агрэгаты, мадэлі бытавой тэхнікі і іншае. Заняткі робататэхнікай не толькі захапляльныя і цікавыя, але і фарміруюць міжпрадметныя сувязі, карысныя навыкі. Засвойваюцца, у тым ліку, асновы інфарматыкі і праграмавання, фізікі і матэматыкі, тэхналогіі і праектавання, развіваюцца вынаходлівасць і крэатыўнасць. Зборцы вырабаў з элементаў канструктара і блокаў схемы папярэднічае віртуальная.
…Напярэдадні навагоддзя пакой аб’яднання па інтарэсах нагадвае навагоднюю майстэрню – навучэнцы заняты праграмаваннем і зборкай тэхнаёлак. Святочныя «дрэвы» ўвасабляюць фантазію аўтараў, якія бачаць іх не звычайнымі,
а рознакаляровымі і рухомымі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.