Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны. Чаму не трэба вясціся на прапановы тэлефонных добразычліўцаў

У перыяд з лістапада да 12 снежня з вясковай дачы і гаспабудовы знікла маёмасць на суму звыш 500 рублёў. У заяве ў міліцыю гаспадар указаў, што злодзеі забралі шрубавёрт, бензатрымер, электрадрыль і іншае. Раённы аддзел СК па факце крадзяжу ўзбудіў крымінальную справу па ч.2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса.
Жыхарцы Ляхавіцкага раёна 1957 г.н. “сябар” з замежжа прыслаў паведамленне, што ён адправіў жанчыне па пошце падарунак. Але за перасылку трэба заплаціць больш за 2300 рублёў. Аграгараджанка патэлефанавала дачцэ, якая параіла маці спыніць перапіску і ўдаліць усе кантакты “дарыцеля”.
Ляхавіцкі РАСК у адносінах неўстаноўленай асобы па факце махлярства ўзбудзіў крымінальную справу.
Ляхавічанка 1999 г.н. знайшла ў інтэрнэце аб’яву пра продаж ручнікоў. Перайшла па спасылцы, на якую яе накіраваў “прадавец” . У выніку з карт-рахунка ў ляхавічанкі спісаны 430 рублёў.
Ахвярай зламыснікаў стала і жыхарка раёна 1983 г.н. Ёй з неўстаноўленага абаненцкага нумара патэлефанавала невядомая асоба і на падставе падаўжэння дагавору на аказанне паслуг мабільнай сувязі МТС завалодала яе пашпартнымі рэквізітамі , а пасля прапанавала задэклараваць грашовыя сродкі жанчыны. Наша зямлячка павялася на прапанову “добразычліўца” і перавяла яму 2000 рублёў.
РАСК па фактах махлярства ўзбудзіў крымінальныя справы.
Неўстаноўленая асоба патэлефанавала жыхару раёна 1961 г.н. і прадставілася супрацоўнікам праваахоўных органаў, прапанавала дапамагчы выкрыць нячыстага на руку банкаўскага работніка. Вяскоўца пераканалі ўзяць крэдыт на суму 20000 рублёў. На шчасце, у банку яму адмовілі ў выдачы крэдыту… Па факце махлярства РАСК узбудзіў крымінальную справу.
Ляхавіцкі райаддзел Следчага камітэта чарговы раз нагадвае, што не трэба адказваць на званкі, якія паступілі з невядомых нумароў, асабліва зарэгістраваных у іншым рэгіёне, код якога пачынаецца з прэфікса, падобнага да прэфікса Рэспублікі Беларусь (+372, +373 і г.д.), альбо прэфікса замежнай дзяржавы (+135, +485) і г.д.
Калі падчас размовы спрабуюць высветліць нумар банкаўскай карты, асабістыя даныя, то відавочна, што гэта зламыснікі. Варта спыніць размову.
Калі ж тэлефонным ашуканцам усё ж удалося атрымаць звесткі пра рэквізіты плацёжнай карткі, трэба як мага хутчэй яе заблакіраваць.
Ні ў якім разе не трэба згаджацца на просьбы супрацоўніка любой службы і структуры на афармленне крэдытаў.
Не трэба таксама ўстанаўліваць па просьбе невядомых асоб ніякія незнаёмыя дадаткі на тэлефон.
Не раз’ехаліся
24 снежня жыхар Ганцавічаў ехаў па аўтадарозе Ляхавічы-Баранавічы і на перакрыжаванні па вуліцы Савецкай у райцэнтры ўчыніў наезд на веласіпедыста 1952 г.н., які выязджаў з вуліцы Савецкай. У выніку ДТЗ ляхавічанін атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены ў райбальніцу.
Па факце ДТЗ праводзіцца расследаванне, назначаны судова-медыцынскія і аўтатэхнічныя экспертызы.
Супрацоўнікі РАСК рэкамендуюць вадзіцелям і пешаходам быць уважлівымі і бездакорна выконваць ПДР.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік Ляхавіцкага РАСК.