Правілы агітацыі. У Беларусі 1 студзеня стартаваў агітацыйны этап выбарчай кампаніі

Правілы агітацыі


У Беларусі 1 студзеня стартаваў агітацыйны этап выбарчай кампаніі.
23 снежня 2024 года Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала пяць кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі. Кожны з іх пераадолеў неабходную мяжу ў 100 тысяч подпісаў, прадставіў дакументы ў ЦВК і атрымаў пасведчанне кандыдата. З 1 студзеня 2025 года пачаўся надзвычай важны этап электаральнай кампаніі – агітацыя.
Перадвыбарная агітацыя пройдзе з 1 да 25 студзеня. Кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прадставяць выбаршчыкам свае перадвыбарныя праграмы.
Заканадаўства прадугледжвае розныя формы перадвыбарнай агітацыі: выступленні па тэлебачанні і радыё, правядзенне тэледэбатаў, апублікаванне перадвыбарных праграм у СМІ, выраб і распаўсюджванне агітацыйных матэрыялаў, правядзенне масавых мерапрыемстваў, сустрэч з выбаршчыкамі. Могуць выкарыстоўвацца і іншыя не забароненыя законам формы.
Нагадаю, што рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама вызначаны памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у Прэзідэнты, іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама перадвыбарных сходаў. На тэрыторыі ўчасткаў для галасавання вызначаны месцы для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў кандыдатаў у Прэзідэнты. Таксама вызначаны месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў у паведамляльным парадку. Уся гэтая інфармацыя была размешчана на старонках раённай газеты, утрымліваецца на афіцыйнай старонцы райвыканкама ў спецыяльнай рубрыцы “Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Там жа можна знайсці графік размеркавання часу выступленняў кандыдатаў у Прэзідэнты па тэлебачанні і радыё. Кожнаму кандыдату прадастаўлены бясплатны эфірны час для выступленняў па тэлебачанні і радыё, а таксама магчымасць надрукаваць сваю перадвыбарную праграму ў газетах “Рэспубліка”, “Звязда”.
У адпаведнасці з заканадаўствам забараняецца агітацыя, у якой выкарыстоўваецца прапаганда вайны, утрымліваюцца заклікі да парушэння канстытуцыйнай цэласнасці нашай краіны, знявагі, паклёп у дачыненні да службовых асоб, іншых кандыдатаў у Прэзідэнты.

26 студзеня ў Беларусі адбудуцца выбары Прэзідэнта. Прыйсці на выбарчыя ўчасткі і аддаць свой голас за дастойнага кандыдата – гэта ўклад кожнага выбаршчыка ў развіццё краіны, у мір, стабільнась і працвітанне нашай краіны.


Наталля ІСАХАНАВА, старшыня раённай камісіі
па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

ЦВК зарэгістраваны пяць кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь: дзеючы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, індывідуальны прадпрымальнік Ганна Канапацкая, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў.