Сход упаўнаважаны вырашаць. Першы сёлетні сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прайшоў у Навасёлках
Першы сёлетні сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прайшоў у мінулы чацвер у Навасёлкаўскім СДК для жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета. Пацвярджэннем неабходнасці і выніковасці такога адкрытага дыялога «ўлада – народ» з’яўляецца вырашэнне пытанняў, узнятых летась.
Кола пытанняў, якія ціка-вілі тутэйшых жыхароў год назад, тычылася ў асноўным камунальных, дарожных, бытавых тэм, аховы здароўя, адукацыі, навядзення парадку, газа- і электразабеспячэння. Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка адзначыў, што амаль усе ўзнятыя летась праблемы станоўча вырашаны. З апераджэннем графіка завяршаецца рэканструкцыя электрычных сетак у Ціткаўшчыне, што дазволіць у бліжэйшы час падключыць электраацяпленне ў дамах вяскоўцаў. Адрамантаваны ліхтары вулічнага асвятлення на вуліцы Цяністай у Навасёлках. Таксама ў аграгарадку ўладка-ваны адвод вады з вуліцы Цэнтральнай насупраць мясцовай школы. За кошт сродкаў, выдаткаваных ААТ «Шлях новы», заменена глыбінная помпа на свідравіне ў вёсцы Гарбачы. У жніўні 2024 года Навасёлкаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі ўкамплектавана загадчыкам установы аховы здароўя. Ім стаў нядаўні выпускнік медуніверсітэта Ілья Несцяровіч. Дарэчы, прагучала падзяка ад жыхароў сельсавета ў адрас кіраўніцтва УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» за кадравае папаўненне АУАП, у тым ліку, памочнікам урача і зубным фельчарам.
Аляксандр Мацюшэнка расказаў, што зроблена ў сельсавеце ў 2024 годзе. Пералік добрых спраў сапраўды ўнушальны. Ямачны рамонт дарог Флер’янова – Карані, Ляхавічы – Навасёлкі, падсыпка гравійна-пясчанай сумессю некаторых вуліц у Гарбачах, Навасёлках, Бажках, Каранеўшчыне, асфаль-таванне часткі дарогі Карані –
Флер’янова, часткі аб’язной дарогі вакол Вялікай Лотвы – станоўчыя дарожныя змяненні. Было адзначана, што большасць жыхароў сельсавета – не толькі дбайныя гаспадары на ўласных падворках, але і актыўна разам добраўпарадкуюць месцы агульнага карыстання.Так, жыхары Кавалёў падчас суботніка прыбралі міні-звалку бытавых адходаў і выдалілі дзікаросы па вуліцы Южакова, пафарбавалі агароджу на вясковых могілках. Індывідуальны прадпрымальнік Вячаслаў Тарлюк за ўласныя сродкі добраўпарадкаваў магілу невядомага салдата. Плённа папрацавалі дзеля агульнага парадку жыхары Пранчакоў, Навасёлак.
Нямала пераўтварэнняў чакае населеныя пункты сельсавета і ў 2025 годзе. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што сёлета прадоў-жыцца вырашэнне аднаго з праблемных пытанняў, звязанага з якасцю вады. З бюджэту выдаткаваны сродкі на будаўніцтва станцыі абязжалезвання і свід-равіны ў аграгарадку Навасёлкі, пачатак работ запланаваны на другое паўгоддзе гэтага года. Сярод прыемных навін і інфармацыя пра рэканструкцыю лініі электраперадачы ў Краглях, будаўніцтва лініі вулічнага асвят-лення ў вёсцы Ураджайнай на вуліцах Ленінскай, Камсамольскай і часткова Разіна.
З цікавасцю ўдзельнікі сходу паслухалі парады начальніка РАУС Дзяніса Майсені, як не трапіць на вудачку кіберзлачынцаў. Намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі расказаў пра сітуацыю з пажарамі і іншымі надзвычайнымі сітуацыямі, у прыватнасці пра небяспеку, якую нясуць піратэхнічныя вырабы, акцэнтаваў увагу, як не стаць ахвярай тонкага лёду.
Тэм у аграгараджан і вяскоўцаў для размовы з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі розных службаў і арганізацый было нямала. Прычым выйсце з некаторых праблемных сітуацый прапаноўвалася літаральна на месцы. Так, аграгараджанка папрасіла паспрыяць у аднаўленні вячэрняга рэйса аўтобуса па маршруце Баранавічы – Дамашы, які праходзіць праз Навасёлкі. Маўляў, студэнтам, якія вучацца ў Баранавічах ці працуючым у суседным горадзе было даволі зручна прыязджаць па такім графіку ў Навасёлкі. Кіраўнік справамі райвыканкама Ігар Хлабукін адзначыў, што аўтапарк дакладна вывучае запатрабаванасць рэйсаў, і некаторыя маршруты здымаюцца. Дырэктар ААТ «Шлях
новы» Андрэй Коктыш прапана-ваў выйсце. Кожны вечар аўтобус сельгаспрадпрыемства прывозіць работнікаў гаспадаркі ў Баранавічы, і ў аўтобусе заўжды знойдзецца месца, каб па дарозе падвезці сваіх землякоў, якія працуюць ці вучацца ў Баранавічах. А вось пытанне наконт дадатковага аўтобуснага прыпыначнага пункта на маршруце Навасёлкі – Ляхавічы каля гімназіі ўзята на кантроль кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна Юрыем Чаранкевічам.
Яшчэ адна тэма – дарожная, і тычыцца яна ўладкавання пешаходнага перахода ці «ляжачага паліцэйскага» на вуліцы Школьнай у Навасёлках. Мікалай Мароз адзначыў, што бяспека дарожнага руху –
пытанне важнае і патрабуе неадкладнага вырашэння. Аляксандр Мацюшэнка паабяцаў пасля вывучэння пытання перадаць яго ў раённую камісію па бяспецы дарожнага руху. Іншыя праблемныя моманты таксама ўзяты на кантроль.
На сходзе абмеркавалі знакавую не толькі для гэтага года, але і для бліжэйшай пяцігодкі падзею – выбары Прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца сёлета 26 студзеня. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч падкрэсліў, што кожны беларус павінен зрабіць асэнсаваны выбар, голас кожнага важны. Кіраўнік дэпутацкага корпуса адзначыў, што неабходна цаніць тое, што наша краіна дасягнула за гады незалежнасці, і шанаваць мірнае і стваральнае сёння. Таму кожны сапраўдны грамадзянін сваёй Радзімы абавязаны скарыстацца сваім канстытуцыйным правам і прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.